Пошук

08.11.2017 12:20   Credo / Catholic.by
Фота: Nick Wagner / Austin American-Statesman via AP

«Нельга спакойна зносіць бязглуздзіцу ўзброенага гвалту ні ў якіх яго праявах, яго неабходна прадухіляць», — заявілі амерыканскія біскупы пасля чарговага масавага забойства ў ЗША.

У мястэчку Сазэрленд-Спрынгс, што ў штаце Тэхас, у нядзелю адбылася трагедыя — узброены чалавек увайшоў у мясцовую баптысцкую царкву падчас малітвы, у якой брала ўдзел каля 50 чалавек. У выніку страляніны 26 з іх былі забіты, а больш за 20 — паранены.

Каментуючы напад на баптыстаў, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у ЗША кардынал Даніэль Ды Нардо заўважыў: «Гэтая незразумелая трагічная падзея дадаецца да ліку масавых забойстваў, якія пастаянна павялічваюцца і частка якіх адбылася ў святынях, калі людзі аддавалі хвалу Богу і маліліся. Мы павінны рашуча сцвердзіць, што асноўная праблема існуе ў нашым грамадстве. Культура жыцця не можа цярпець бессэнсоўны ўзброены гвалт ні ў якіх яго праявах, і яго патрэбна прадухіляць. Няхай Бог, які сам з’яўляецца мірам, спашле нам свайго Духа міласэрнасці. Каб мы, супраціўляючыся гвалту, развівалі Яго мір вакол нас усіх».

Фота: Reuters

Між тым кіраўнік паветраных сіл ЗША прызнала ў панядзелак, што войска дапусціла занядбанні ў справе Дэвіна Патрыка Келлі, які напаў на баптысцкае малітоўнае набажэнства, а потым загінуў падчас пераследу. 26-гадовы былы салдат паветраных сіл Келлі трапляў на лаўку падсудных у 2012 годзе двойчы, за фізічны здзек над сваёю жонкай і ўсыноўленым дзіцём. Аднак гэтая інфармацыя не была перададзена ў Нацыянальны рэестр крымінальных справаў. Федэральнае заканадаўства забараняе продаж зброі людзям, якія былі асуджаны за хатні гвалт.

Вайсковы суд прысудзіў Дэвіну Келлі да 12 месяцаў зняволення, пасля чаго звольніў з войска. Выключаецца і яго сувязь з якой-небудзь тэрарыстычнай групоўкай, а таксама расавыя матывы. Найбольш верагоднай падставай былі сямейныя непаразуменні. Келлі «бушаваў ад лютасці» на сваю цешчу, слаў СМС з пагрозамі. Бацькі яго жонкі наведвалі, хоць і нерэгулярна, мясцовыя баптысцкія сходы.

Як адзначыў старшыня амерыканскай Канферэнцыі Біскупаў, праблема заключаецца ў свабодным валоданні зброяй, і неабходна абмежаваць гэтае права. «Молімся за ахвяраў і за іх блізкіх, за нашых братоў і сясцёр з баптысцкай царквы, а таксама за ўсіх людзей у Сазэрленд-Спрынгс. Мы блізкія з імі ў час, калі яны перажываюць гэтую вялікую трагедыю», — напісаў кардынал Ды Нардо.

Абноўлена 08.11.2017 15:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.