У амерыканскім штаце Аёва прад’явілі абвінавачанне ў злачынстве на глебе рэлігійнай нянавісці дбайнаму хрысціяніну, які разграміў інсталяцыю сатанінскай секты ў будынку парламента штата.
Як паведамляе Руская служба BBC News, 14 снежня былы ваенны лётчык, 35-гадовы Майкл Касідзі дэманстратыўна разбурыў «алтар Бафамета» і знішчыў фігуру д’ябла, усталяваныя ў холе Капітолія Аёвы.
Пракуратура прыйшла да высновы, што Майкл Касідзі наўмысна знішчыў чужую маёмасць, кіруючыся пры гэтым пачуццём рэлігійнай нянавісці, і на гэтым тыдні прад’явіла яму афіцыйнае абвінавачанне.
Інсталяцыю ў холе парламента штата зладзіла сатанінская секта «Храм Сатаны» (The Satanic Temple), якая вызначае сябе як ліберальны «не-тэістычны» рэлігійны рух, які не столькі пакланяецца Сатане, колькі змагаецца за рэлігійную талерантнасць, свабоду веравызнання, асабістыя свабоды і неўмяшанне Касцёла ў справы дзяржавы.
«Храм Сатаны» быў заснаваны ў Амерыцы дзесяць гадоў таму, афіцыйна прызнаны ўладамі ЗША ў якасці рэлігійнай арганізацыі і мае «святароў» і «вернікаў» не толькі ў ЗША, але таксама ў Еўропе і Аўстраліі.
Майкл Касідзі не таіўся, усё рабіў максімальна публічна, быў упэўненым, што здзяйсняе богаўгодны ўчынак.
«Адказчык рабіў заявы, адрасаваныя праваахоўным органам і грамадскасці, якія сведчаць пра тое, што ён знішчыў уласнасць з-за рэлігіі пацярпелых», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
У інтэрв’ю кансерватыўнаму інтэрнэт-выданню Sentinel Майкл Касідзі сказаў, што разграміў «алтар» сатаністаў, каб «адкрыць вочы хрысціянам на антыхрысціянскія дзеянні, якія падтрымліваюцца нашымі ўладамі».
«Маім сумленнем кіруе Слова Божае, а не чыноўніцкія дэкрэты. Таму я вырашыў дзейнічаць»,
— падзяліўся Касідзі.
«Храм Сатаны» ў апублікаванай у сераду заяве падзякаваў пракуратуры за падтрымку і «прызнанне разнастайнасці вераванняў». Арганізацыя запатрабавала з Касідзі 6,3 тысяч даляраў кампенсацыі за зруйнаваны «алтар».
Па словах «святаркі» сатанінскай секты Глінды Він Кулі, яе «вернікам» давялося прыбіраць рэшткі «алтара» ў бронекамізэльках, таму што ім пагражалі ў інтэрнэце.
Інсталяцыя ў холе Капітолія Аёвы ўключала статую Бафамета — алегарычную фігуру з галавой казла, адну з выяваў д’ябла — і вянок з пентаграмай. Размясціць яе ў дзяржаўнай установе дазволілі ў межах мясцовага правіла, якое дазваляе ладзіць у такіх месцах інсталяцыі на рэлігійныя тэмы на працягу двух тыдняў у перыяд зімовых святаў.