Многія рэлігійныя (і не толькі) арганізацыі ў Беларусі апошнім часам атрымліваюць дзіўныя пасланні ад нейкага «Візантыйскага патрыярхату». Тлумачым, хто насамрэч стаіць за гэтай «гучнай» назвай.
«Візантыйскі каталіцкі патрыярхат», або «Украінская прававерная грэка-каталіцкая царква» не мае нічога супольнага з Беларуссю, але апошнім часам чамусьці вельмі актыўна спекулюе на грамадска-палітычным крызісе ў нашай краіне. Іх дзіўныя і адарваныя ад рэчаіснасці заявы датычацца таксама Каталіцкага Касцёла на Беларусі і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Калі раптам хтосьці атрымаў падобныя матэрыялы ад гэтай арганізацыі — не варта звяртаць на іх увагу: пад імем «Візантыйскага патрыярхату» дзейнічае псеўдарэлігійная секта з Украіны, якую ўзначальвае былы чэшскі ксёндз.
Секта ўзнікла з групы асоб, якія ў 2003–2008 годзе адкалоліся ад Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, а ў 2011 годзе абвясцілі сябе «патрыярхатам» на чале з былым каталіцкім ксяндзом з Чэхіі Антанінам Дагналам, ад імя якога сектантаў называюць таксама «дагналаўцамі».
Антанін Дагнал нарадзіўся ў 1946 г. у Чэхіі, у 1972 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў дыяцэзіі Оламаўца. Пэўны час ён з’яўляўся пробашчам парафіі ў Слушовіцах, дзе звярнуў на сябе ўвагу дзіўнымі паводзінамі. Па сведчанні біскупа Оламаўцкага Яна Граўбнера, ксёндз Дагнал часта паводзіў сябе неадэкватна. У прыватнасці, ён забараняў вернікам прымаць лекі, прымушаў сваіх паслядоўнікаў начаваць у касцёле на падлозе, распісаў усе сцены святыні цытатамі са Святога Пісання.
Ёсць звесткі, што Антанін Дагнал з 1978 года з’яўляўся сакрэтным супрацоўнікам камуністычных спецслужбаў пад псеўданімам Тонэк і пад нумарам 23064.
У 1991 годзе святар-неадэкват пакінуў Чэхію і пераехаў у Варшаву, дзе перайшоў у грэка-каталіцкі абрад і прыняў манаства. Але і пасля гэтага ён працягваў абвяшчаць дзіўныя прынцыпы, вельмі далёкія ад сутнасці манаскага паклікання і хрысціянскага ладу жыцця.
Імкнучыся да ўлады ў Касцёле, новаспечаны манах вяртаецца на радзіму, дзе спрабуе стаць біскупам і актыўна пратэстуе супраць прызначэння Святым Пасадам новага грэка-каталіцкага біскупа ў Чэхіі. Пры гэтым ён выкарыстоўваў тыя самыя правакацыйныя прапагандысцкія метады, якія сёння скіраваў у бок нашай міралюбнай краіны. У выніку скандалу былы ксёндз пакінуў радзіму і перанёс сваю дзейнасць ва Украіну, у Падгорацкі манастыр айцоў базыліянаў (Бродаўскі раён Львоўскай вобласці).
У 2005 г. згуртаваная вакол Антаніна Дагнала група манахаў была выключана з Базыліянскага ордэну дэкрэтам яго ўладаў, пацверджаным Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў «за вялікую віну супраць манаскіх і касцёльных законаў, у тым ліку пастаяннай непаслухмянасці».
Такім чынам, на чале групы, якая называе сябе «Візантыйскім каталіцкім патрыярхатам», стаяць былыя манахі-базыліяне, выгнаныя з ордэна.
Сярод іх сам былы ксёндз з Чэхіі Антанін Дагнал, які называе сябе «патрыярхам Іллёй», Рычард Шпіржык з Чэхіі, Васіль Гіцюк з Украіны, Роберт Обэргаўсер з Чэхіі і іншыя асобы, якія называюць сябе біскупамі, хоць ніхто іх законным чынам не пасвячаў у гэты сан.
Дзейнасць секты заключаецца ў правакацыйных выступленнях прапагандысцкага характару, у якіх самазванцы займаюцца ачарненнем іерархаў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. У мінулым яны ўжо абвясцілі «анафему» на Папу Бэнэдыкта XVI і Патрыярха Кірыла, а цяпер крытыкуюць Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча за яго заклікі да спынення насілля, дыялогу, міру і згоды ў Беларусі.
Чым выклікана такая зацікаўленасць іншаземных сектантаў падзеямі ў Беларусі, не зусім зразумела.
У любым выпадку, групу пад назваю «Візантыйскі каталіцкі патрыярхат» нельга лічыць рэлігійнай арганізацыяй і ўсур’ёз ставіцца да яе неадэкватных і правакацыйных заяў.