Індыйскія каталіцкія біскупы сіра-малабарскага абраду асцерагаюць: ёга супярэчыць хрысціянскай веры. Гэтай актуальнай тэме яны нядаўна прысвяцілі спецыяльны дакумент, пра што паведамляе Ватыканскае агенцтва навінаў Vatican News.
У многіх індыйскіх школах заняткі ёгай з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх вучняў, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. Іх нярэдка прымушаюць спяваць індуісцкія гімны і прагаворваць сакральныя мантры.
Індыйскія біскупы падкрэсліваюць, што, хоць гэтая практыка ўзнікла са свецкіх традыцый, яна распаўсюдзілася пад уплывам індуізму і дзейнасці брамінаў.
Іерархі папярэджваюць аб небяспецы таго, што пэўныя жэсты і практыкаванні самі па сабе могуць быць элементамі ідалапаклонніцтва і што адчуванні, якія ўзнікаюць пад уздзеяннем ёгі, можна лёгка зблытаць з дзеяннем Святога Духа.
У дакуменце таксама звернута ўвага на палітычнае значэнне, якое ёга набыла ў Індыі. Індуісцкія фундаменталісты выкарыстоўваюць гэтую практыку ў мэтах правядзення ідэалагічнай экспансіі, каб умацаваць свой рэлігійны і палітычны ўплыў.