9 лістапада ў італьянскіх кнігарнях з’явіцца кніга-даследаванне «Хорхе Марыё Берголіо. Інтэлектуальная біяграфія. Дыялектыка і містыка» (Jorge Mario Bergoglio. Una biografia intellettuale. Dialettica e mistica). Яе аўтар, Масімо Баргэзі, імкнецца высветліць, дзе шукаць крыніцу інтэлектуальнай рэфлексіі папы Францішка.
На старонках L’Osservatore Romano ён прызнаўся, што ідэя напісання кнігі нарадзілася з дзвюх прычын: першая — гэта крытыка ў бок Пантыфіка, што той, маўляў, не мае дастатковага тэалагічна-філасофскага ўзроўню, другая — моцнае канцэптуальнае ядро, прысутнае ў думцы Папы: канцэпцыя жыцця, заснаваная на напружанні супрацьлегласцяў, блізкая да думкі нямецкага тэолага Рамана Гуардзіні.
Святы Айцец адказаў на некалькі пытанняў Баргэзі і прызнаўся, што ў 1960-х на яго паўплывала кніга аднаго з найбуйнейшых інтэлектуалаў другой паловы ХХ ст., езуіта Гастона Фэсара La dialectique des “Exercices spirituels” de saint Ignace de Loyola. Фэсар, натхнёны Марысам Бландэлем, прапануе дыялектычнае прачытанне ігнацыянскай духоўнасці праз напружанне паміж ласкай і свабодай, паміж бясконца вялікім і бясконца малым.
У Аргенціне 1970-х Берголіо быў не адзіным, хто меў такое бачанне. Яго падтрымліваў уругваец Альберто Мэтоль Фэрэ, найбольш значны лацінаамерыканскі каталіцкі мысляр другой паловы ХХ стагоддзя, прадстаўнік дыялектычнага тамізму. Баргэзі лічыць, што і ў Мэтоля Фэрэ, і ў Берголіо былі падобныя погляды на касцёльнае абнаўленне ў Лацінскай Амерыцы. Яны абодва — прыхільнікі teología del pueblo — аргенцінскай версіі тэалогіі вызвалення, якая, аднак, адмаўляецца ад марксісцкай ідэалогіі. Мэтоль Фэрэ становіцца пасля Фэсара філосафам папы Францішка, прыходзіць да высновы італьянскі даследчык.
«Інтэлектуальная біяграфія», паводле яе аўтара, дазваляе ўвайсці «ў ідэальную лабараторыю Францішка», дзе хрысціянскае жыццё цячэ паміж небам і зямлёй і змяшчаецца не ў нейкай з сістэм, але выключна ў Таямніцы, якая рухае гісторыяй.
300-старонкавая кніга-даследаванне выйдзе ў міланскім выдавецтве Jaca Book.