Пошук

26.04.2025 23:52   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Паводле: Vatican News / Catholic.by
Працэсія з труной Папы Францішка. Фота: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

26 красавіка на ватыканскай плошчы Святога Пятра адбылося развітанне з Папам Францішкам, пасля чаго цела Пантыфіка было перавезена ў Базыліку Санта-Марыя-Маджорэ месца яго вечнага спачынку.

Пахавальная святая Імша распачалася ў 10.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе (11.00 па мінскім часе). Яна стала першай з дзевяці эўхарыстычных цэлебрацый, якія будуць праходзіць на працягу бліжэйшых дзевяці дзён жалобы і малітвы пасля смерці Святога Айца.

Літургію, якая праходзіла на лацінскай мове, узначальваў 91-гадовы італьянскі кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Разам з ім маліліся каля 5 тысяч канцэлебрантаў кардыналаў, біскупаў і святароў. Беларускі епіскапат на пахаванні Папы Францішка прадстаўлялі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На пахавальнай Імшы прысутнічалі каля 160 афіцыйных дэлегацый з розных краін свету. Сярод іх была таксама афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергеенкі.

Пасля заканчэння літургіі і абрадаў апошняга развітання труна з целам Святога Айца пад гукі магутных званоў была ўнесеная ў Базыліку Святога Пятра. Затым, пакладзеная на белы папамабіль, яна назаўсёды пакінула Ватыкан і ў суправаджэнні паліцэйскага картэжу матацыклістаў на малой хуткасці адправілася ў свой апошні шлях.

Згодна з запаветам Пантыфіка, ён быў пахаваны ў Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ галоўным марыйным храме Вечнага горада. Цырымонія тумуляцыі насіла прыватны характар і не транслявалася СМІ.

266-ы наступнік святога Пятра знайшоў спачын у простай магіле паміж Паўлінскай капліцай і капліцай Сфорца. Абрад праводзіў камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынал Кэвін Джозэф Фарэл.

Удзельнікі цырымоніі прасілі Бога прыняць душу Папы Францішка ў «жытло міру і святла» і дараваць яму «шчасце і супольнасць са святымі і выбранымі».

 

Абноўлена 26.04.2025 23:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа