У Францыі назіраецца крызіс пакліканняў. З 2000 года колькасць семінарыстаў знізілася ў гэтай краіне на 30 працэнтаў і складае на сёння 662 чалавекі. Даныя былі агучаны падчас апошняга пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Францыі.
Святарская фармацыя была адной з галоўных тэм пасяджэння епіскапату Францыі.
Сакратар краёвай рады Вышэйшых духоўных семінарый Францыі кс. Жан-Лук Гэры звярнуў увагу на дзве тэндэнцыі. Сярод семінарыстаў узрастае лічба замежнікаў — яны складаюць ужо 25 працэнтаў будучых новапрэзбітэраў.
Акрамя таго, пры агульным скарачэнні колькасці пакліканняў узрастае лічба членаў Супольнасці св. Марціна. Кожны шосты студэнт семінарыі абірае гэтую святарскую супольнасць, якая лічыцца ў Францыі вельмі кансерватыўнай.
Ксёндз Гэры падкрэсліў таксама патрэбу сувязі семінарый. На сёння ў Францыі дзейнічае 36 семінарый, прычым амаль палова будучых святароў вучыцца толькі ў пяці семінарыях.