Пошук

06.11.2017 10:39   Rublev.com

У снежні 2017 года паўнамоцная дэлегацыя службы Ватыкана Opera Romana Pellegrinaggi (ORP), якая займаецца планаваннем хрысціянскіх пілігрымкавых тураў, адправіць першую экспедыцыю да святыняў на Шляху Святой Сям’і. Пра гэта паведамляе агенцтва Fides.

Па выніках экспедыцыі маршрут можа ўвайсці ў спіс аб’ектаў сусветнай пілігрымкі. Згодна з традыцыяй, менавіта гэтай дарогай ішлі Панна Марыя, Юзаф і Дзіцятка Езус, ратуючыся ад караля Ірада.

Паводле слоў міністра турызму Егіпта Ях’я Рашыда, задача экспедыцыі заключана ў тым, каб правесці першую ацэнку новага пілігрымкавага маршрута, месцаў харчавання і размяшчэння пілігрымаў і якасці абслугоўвання ў розных населеных пунктах, размешчаных на шляху Святой Сям’і, а таксама акрэсліць праграму пілігрымкавых тураў, якія будуць прапаноўвацца ORP.

Егіпецкі палітык яшчэ раз пацвердзіў намер ураду краіны наладзіць супрацоўніцтва з рознымі епархіямі Копцкай Праваслаўнай Царквы, каб пашырыць сетку гасцініц і падрыхтаваць належнае абслугоўванне пілігрымаў пры наведванні імі кожнай са святыняў на гэтым шляху — у прыватнасці, святыні Панны Марыі ў Маадзі.

У пачатку кастрычніка Ях’я Рашыд наведаў Ватыкан на чале з егіпецкай дэлегацыяй з мэтай пошуку дапамогі і супрацоўніцтва для ўрадавага праекту па ўзнаўленні хрысціянскага пілігрымавання на шляху Святой Сям’і.

У прыватнасці, міністр перадаў папу Францішку асабістае пасланне Прэзідэнта Егіпта Абдул-Фатаха аль-Сісі з просьбай аб падтрымцы праекта.

Папулярызуючы паломніцкія маршруты па шляху Святой Сям’і, егіпцяне спадзяюцца хоць бы часткова кампенсаваць страты, выкліканыя скарачэннем прытоку турыстаў з-за пагрозы тэрарызму і агульнай нестабільнасці ў рэгіёне.

Да ліку месцаў, якія могуць увайсці ў маршрут, належыць Матарыя — паўночная ўскраіна сучаснага Каіра. У 20 кіламетрах ад Каіра, на ўсходнім беразе Ніла, размешчаны кляштар Эль-Мінья, у якім у 328 годзе імператрыца Алена пабудавала святыню над пячорай, дзе згодна з традыцыяй Святая Сям’я знайшла паратунак падчас уцёкаў.

На месцы меркаванага адпачынку або часовага пражывання Святой Сям’і пабудавана царква святых Сергія і Вакха. Ушаноўваецца таксама пячора ў Іярданскай даліне, у якой Святая Сям’я спынялася на начлег. Сёння там знаходзіцца кляштар Каламон. На тэрыторыі святыні ёсць прыступкі, якія вядуць да вады — іх шануюць як месца, дзе Святая Сям’я села ў лодку, каб выправіцца ў шлях у Верхні Егіпет.

Абноўлена 06.11.2017 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.