Пошук

03.11.2017 15:02   Deon.pl / Catholic.by

Турысты, якія выпадкова трапляюць у рэгіянальны музей у штаце Вашынгтон, часта здзіўляюцца, калі бачаць найбольшую у свеце калекцыю ружанцаў, паведамляе Deon.pl са спасылкай на Catholic Herald.

Музей Columbia Gorge Interpretive Center, які знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы штата Вашынгтон, на поўначы ад Гранд-каньёна, змяшчае калекцыю ў больш за 4 тысячы ружанцаў. Выстаўка ружанцаў была арганізавана ўжо памерлым Дональдам Браўнам, заснавальнікам Таварыства Гістарычнага графства Скамарнія.

Збіраць ружанцы Браўн пачаў у 1917 годзе, калі пражываў у Даласе, штат Арыгон, але яго зацікаўленасць ружанцам распачалася яшчэ раней, перад яго пераходам у каталіцтва, калі ён ляжаў у шпіталі хворы на пнеўманію.

Ён заўважыў, што сёстры, якія апекаваліся шпіталем, насілі ружанцы. Пазней Браўн прыняў каталіцтва.

Ружанцы ў музеі размешчаны згодна з памерам. Самыя меншыя з іх маюць пацеркі памерам з вушка шпількі, а самыя вялікія дасягаюць даўжыні ў пяць метраў. Гэтыя вялікія пацеркі зрабілі дзеці на школьнае прадстаўленне з Мадлена ў штаце Масачусетс. Яны былі зроблены з пенаполістыролавых куль.

Большасць з ружанцаў, прадстаўленых на выстаўцы, Браўну перадалі простыя людзі, якія хацелі дапамагчы яму пашырыць выстаўку. Аднак некаторыя з ружанцаў маюць сваё асаблівае, гістарычнае значэнне.

Напрыклад, адзін з ружанцаў Браўн атрымаў ад а. Эдварда Дж. Фланагана, музыканта Лаўрэнція Велькі, а таксама Эла Сміта – першага католіка, які балатаваўся на пост прэзідэнта ЗША у 1928 годзе.

Адзін ружанец быў перададзены Браўну невялікай супольнасцю ў Баварыі, а пакінуў яго там Роберт Кэнэдзі. Парафіяне перадалі гэты ружанец у калекцыю ў памяць аб Кэнэдзі, калі пачулі пра замах на яго жыццё, які адбыўся 5 чэрвеня 1968 года ў Лос-Анджэлесе. Яшчэ адзін ружанец на пачатку адкрыцця музея перадаў Лу Холтц, трэнер каманды па амерыканскім футболе з 1986 па 1996 гг.

Таксама адзін з ружанцаў перадаў Джон Кэнэдзі. Гэта адзіны ружанец у калекцыі Браўна, які ён сам папрасіў, калі даведаўся, што сенатар Масачусетса выставіў кандыдатуру ў прэзідэнты. У 1960 годзе Браўн атрымаў малы ружанец з драўлянымі пацеркамі, на якім Кэнэдзі маліўся ў час Другой сусветнай вайны.

Без сумніву, ружанцам, які выклікае найбольшае абурэнне, з’яўляецца той, на якім замест укрыжавання змяшчаецца вялікая металічная свастыка. Ва ўлётцы, якую раздаюць наведвальнікам музея, ёсць тлумачэнне, што задоўга да таго, як Адольф Гітлер выкарыстаў яе як герб сваёй партыі, свастыка ўжывалася ў розных рэлігіях, такіх, як індуізм, будызм, а таксама шматлікімі карэннымі амерыканскімі плямёнамі.

Абноўлена 03.11.2017 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа