Пошук

27.10.2017 11:46   Rublev.com

BBC запускае міні-серыял, у якім пакажуць паўсядзённае жыццё манахаў-бэнэдыктынаў у трох брытанскіх кляштарах. Пра гэта паведамляе Catholic News Agency.

Праект пакажа гледачам тыя аспекты жыцця манахаў, якія звычайна схаваны ад грамадскасці. Серыял будзе прысвечаны абацтвам Даўнсайд, Бельмонт і Плюскардэн. Іх жыццё пакажуць без закадравага тэксту, у выглядзе спакойнага сузірання штодзённага жыцця манахаў.

У саўндтрэк да серыяла ўвойдуць грыгарыянскія спевы і натуральны шум у кляштарах.

Першы эпізод, прысвечаны бэнэдыктынам з графства Сомерсет, выйдзе ў эфір у канцы кастрычніка 2017 г. Серыя, прысвечаная дэвізу ордэна «Маліся і працуй» (Ora et labora), распавядзе пра тое, як манахі пякуць хлеб і ладзяць традыцыйны малітоўны стол.

У дадатак да тэлесерыяла Радыё BBC запусціць у сваім эфіры падкасты, прысвечаныя духоўнаму жыццю бэнэдыктынаў.

З гісторыі ордэна

Бэнэдыктыны — старэйшы каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў Італіі святым Бэнэдыктам Нурсійскім у VI ст.

Уклад бэнэдыктынаў у культуру і цывілізацыю заходняга грамадства вельмі вялікі, у эпоху ранняга Сярэднявечча бэнэдыктынскія кляштары былі галоўнымі крыніцамі культуры ў Заходняй Еўропе. Са школ пры абацтвах выйшлі практычна ўсе выбітныя вучоныя таго часу.

У бібліятэках пры кляштарах захоўвалі і перапісвалі старажытныя рукапісы, вялі хронікі. Пры кляштарах арганізоўвалі кірмашы, шпіталі. Прымаючы падарожнікаў, кляштары фактычна выконвалі ролю гасцініц.

Галоўны ўхіл у дзейнасці бэнэдыктынаў робіцца на малітвы, інтэлектуальныя заняткі, рэлігійнае мастацтва, місіянерскую працу.

Абноўлена 27.10.2017 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.