У снежні пройдзе экспедыцыя Ватыкана для вывучэння Шляху Святой Сям’і ў Егіпце, па выніках чаго яго святыні будуць унесены ў спіс аб’ектаў сусветнага пілігрымавання.
Як паведамляе fides, паўнамоцная дэлегацыя службы Ватыкана Opera Romana Pellegrinaggi, якая займаецца планаваннем хрысціянскіх тураў і непасрэдна падпарадкоўваецца вікарыю Святога Айца, збіраецца накіраваць сваю першую экспедыцыю да святыняў на Шляху Святой Сям’і ў Егіпце, дзе пабывалі Багародзіца, святы Юзаф і Немаўлятка Езус падчас сваіх уцёкаў ад Ірада.
Па словах міністра турызму Егіпта Ях'і Рашыда, задача экспедыцыі ў тым, каб зрабіць ацэнку новага паломніцкага маршрута, месцаў харчавання, размяшчэння пілігрымаў і якасці абслугоўвання ў розных населеных пунктах, якія знаходзяцца на Шляху Святой Сям’і.
Міністр Рашыд пацвердзіў намер ураду наладзіць дзейснае супрацоўніцтва з рознымі дыяцэзіямі Копцкай Праваслаўнай Царквы, каб пашырыць сетку гасцініц і забяспечыць належнае абслугоўванне пілігрымаў падчас наведвання імі кожнай са святыняў на гэтым Шляху.
У пачатку кастрычніка міністр Ях'я Рашыд наведаў Ватыкан і сустрэўся з папам Францішкам. Міністр узначальваў дэлегацыю з мэтай пошуку дапамогі і супрацоўніцтва для ўрадавага праекту па аднаўленні хрысціянскай пілігрымкі да святыняў на Шляху Святой Сям’і.
Падчас гэтай сустрэчы Пантыфік назваў Егіпет зямлёй, на якой «жылі святы Юзаф, Панна Марыя, Немаўлятка Езус і многія святыя прарокі» і якая «на працягу многіх стагоддзяў акраплялася крывёю мучанікаў за веру і простых веруючых».