Апошняя карціна Леанарда да Вінчы, якая заставалася ў прыватнай калекцыі — выява Хрыста — 15 лістапада будзе выстаўлена на аўкцыёне Christie’s у Нью-Ёрку.
Пра гэта паведамляе Christiantoday.
Стартавы кошт карціны пад назвай Salvator Mundi, што ў перакладзе з лацінскай мовы адзначае «Збаўца свету», складае 100 млн долараў. Гэта робіць яе адной з самых дарагіх карцін, якія калісьці прадавалі на аўкцыёне.
На палатне знаходзіцца вобраз Хрыста ў адзеннях блакітнага і малінавага колераў, які трымае хрустальны шар у руцэ. Аўкцыённы дом не раскрывае імя ўладальніка.
Гісторыя валодання карцінай
У сярэдзіне XVII ст. карцінай валодаў англійскі кароль Карл І. Пасля яго яна ўпершыню трапіла на аўкцыён у 1763 годзе, а пасля стагоддзямі пераходзіла з рук у рукі ад аднаго еўрапейскага манарха да іншага, пасля чаго звесткі пра яе раптам зніклі.
У 1958 годзе карціну прадалі на аўкцыёне Sotheby's амерыканскаму калекцыянеру. У 2004 годзе яе набыў эксперт па еўрапейскіх мастаках Роберт Сайман, які распачаў рэстаўрацыю карціны.
Падчас рэстаўрацыі ў 2005 годзе палатно, якое лічылася адной з работ «школы да Вінчы», вызвалілі ад слаёў фарбы і выявілі пад ім арыгінальную выяву. Даследаванні карціны трывалі шэсць гадоў: узрост шэдэўра да Вінчы ацэньваюць як больш за 500 гадоў.
Вядучы спецыяліст аўкцыённага дома Christie’s Алан Вінтэрм’ют адзначыў, што карціну часам называюць мужчынскім варыянтам «Мона Лізы».
На тым жа аўкцыёне выставяць карціну Эндзі Уорхала «Шэсць апошніх вячэраў» 1986 года, створаную пад уплывам «Апошняй вячэры» Леанарда.