Падчас раскопак ля Заходняй сцяны Храма ў старой частцы Іерусаліма, якія праводзяцца Упраўленнем старажытнасцяў пры ўдзеле валанцёраў, былі знойдзены фрагменты канструкцыі старажытнага рымскага тэатра.
Археолагі датуюць знаходку ІІ стагоддзем.
Велічэзныя камяні, якія 1800-1900 гадоў таму ўтваралі фундамент і сцены тэатра, былі выяўлены на глыбіні каля васьмі метраў непадалёк ад так званай «Аркі Уільсана». Гэтая знаходка пацвярджае старажытныя тэксты, у якіх згадваўся рымскі тэатр побач з Храмавай гарой.
Пра будаўніцтва рымскіх тэатраў у Ерузалеме пісаў у І стагоддзі Іосіф Флавій. У ІІ стагоддзі на месцы зруйнаванай святыні пры стварэнні рымскай калоніі Элія Капіталіна, як вядома з гістарычных хронік, было пабудавана яшчэ некалькі такіх тэатраў. Але археолагі да нядаўняга часу не знаходзілі пацвярджэння тых згадак.
Паводле ацэнак вучоных, выяўлены побач са Сцяной Плачу тэатр мог змясціць да 200 гледачоў. У памерах ён значна ўступаў вядомым рымскім тэатрам у Кейсарыі, Бейт-Шэан або Бейт-Гуўрын. Аднак ерузалемскі тэатр з’яўляецца ўнікальнай знаходкай.
Мяркуючы па структуры, тэатр у Ерузалеме належаў да тыпу Odeon — зала для правядзення музычных або вакальных «спаборніцтваў», або Bouleuterion — зала для збору мясцовай рады (у гэтым выпадку — рады Элія Капіталіна).
Вучоныя таксама прыйшлі да высновы, што знойдзены тэатр ніколі не выкарыстоўвася — ён быў дабудаваны або амаль дабудаваны, але не «ўведзены ў эксплуатацыю». Прычынай гэтаму магла быць нейкая значная гістарычная падзея, напрыклад, паўстанне Бар-Кохбі (132-136 гг.), як лічаць гісторыкі.
Акрамя будоўлі тэатра, каля «Аркі Уілсана» знойдзена процьма керамічных пасудзін, манет, фрагментаў скульптур і г.д. Пры правядзенні работ тут выкарыстоўваліся сучасныя мікраархеалагічныя метады даследаванняў.