«У нас амаль няма замежных святароў. Ёсць адзінкі, якія прыязджаюць выкладаць. У пачатку 1990-х гадоў прыязджалі святары з захаду, але для таго, каб адрадзіць структуры. Зараз замежных святароў у нас практычна няма», — адзначыў у размове з Catholic.by Вярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук.
«У нас ёсць пяць семінарый, у якіх навучаюцца каля 800 семінарыстаў. Але запатрабаванасць святароў існуе. Аднак, хвала Богу, украінская Царква дае Украіне неабходную колькасць пакліканняў. Нават больш: сёння нашыя святары, законнікі і законніцы едуць на захад для служэння. І нават біскупы. Вось я быў першым біскупам з Украіны, які паехаў служыць у Аргенціну», — падкрэсліў іерарх.
У параўнанні з многімі краінамі на постсавецкай прасторы сітуацыя ва Украіне супрацьлеглая: не з-за мяжы прыязджаюць ва Украіну, а з Украіны едуць святары ў дыяцэзіі, структуры і парафіі УГКЦ па ўсім свеце.