Камісія па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый хоча зрабіць аборт крытэрыем ацэнкі права на жыццё.
Гэты дапаможны орган ААН, адказны за абарону правоў чалавека, падрыхтаваў праект новай інтэрпрэтацыі права на жыццё, змешчанага ў п. 6 Міжнароднай канвенцыі грамадзянскіх і палітычных правоў.
Прапанова напісана такім чынам, каб прыхільнікам абортаў даць юрыдычную падставу патрабаваць аналагічных запісаў у заканадаўстве сваіх дзяржаў.
У дакуменце адзначаецца, што краіны, якія падпісалі Канвенцыю, павінны гарантаваць бяспечны доступ да абортаў «дзеля захавання жыцця і здароўя цяжарнай у сітуацыі, калі цяжарнасць, даношаная да канца, выклікала б боль і цярпенне, асабліва калі яна з’яўляецца наступствам гвалту або кровазмяшальнага ўчынку, або калі плод мае пашкоджанні смяротнага ўзроўню». Таксама ў прапанове сцвярджаецца, што дзяржавы-падпісанты не павінны «неабгрунтавана ўводзіць зневажальныя або цяжкія патрабаванні ў дачыненні да жанчын, якія хочуць зрабіць аборт». Далей у тэксце прыводзяцца фармулёўкі загадаў аб забароне карных санкцый не толькі ў адносінах да жанчын, але і да ўрачоў, якія, робячы аборты, парушаюць заканадаўства.
Супраць праекта, прадстаўленага на міжнароднае кансультаванне, выказаліся 89 вядомых тэарэтыкаў і практыкаў закона. Юрысты падкрэсліваюць, што інтэрпрэтацыя, прапанаваная Камісіяй па правах чалавека ААН, вядзе да пашырэння юрыдычных падстаў аборту, што непакоіць. Таксама яны звяртаюць увагу на факт, што ніводная з абавязковых міжнародных канвенцый на тэму правоў чалавека не стварае падстаў для такой інтэрпрэтацыі.
Ухваленне праекта, на думку юрыстаў, можа прывесці да істотнага паслаблення асноватворнага права на жыццё і скажэння яго значэння.
У сувязі з гэтым вядомыя юрысты свету падпісалі ліст, у якім заклікаюць да перагляду зместу параграфаў 9 і 10 так званага Агульнага каментара да Канвенцыі, каб гэты дакумент не разыходзіўся з правам на жыццё.
Ліст падпісалі, між іншым, італьянскі палітык і юрыст прафесар Роко Буцільёнэ і амерыканскі біёграф св. Яна Паўла ІІ доктар Джордж Вайгель.