Амаль 500 фотаздымкаў, складаная камп’ютарная праграма, гадзіны працы... Навукоўцы лічаць, што менавіта так магла выглядаць Марыя Магдалена.
Як падае news.com.au, Філіп Чарлі з універсітэта ў Версалі, а таксама Філіп Фрош, камп’ютарны графік, выкарысталі 500 здымкаў чэрапа, які належаў, верагодна, Марыі Магдалене, і з дапамогай камп’ютарнай праграмы, якая робіць магчымай рэканструкцыю твараў, аднавілі выяву гэтай святой.
Падобны метад ужо шмат разоў выкарыстоўваўся ў свеце. Чэрап, які выкарыстоўвалі навукоўцы, паходзіць з французскай базылікі св. Максімільяна, дзе паводле легенды пахавана Марыя Магдалена.
Згодна з даследаваннямі, якія праводзіліся ў Х і ХІ стст., разам з Лазарам і Мартай з Бэтаніі яна павінна была прыйсці на Лазурны Бераг пасля Уваскрасення і Унебаўзяцця Езуса.
Як адзначаюць навукоўцы, жанчыне, якой належаў гэты чэрап, на момант смерці было каля 50 гадоў і яна паходзіла з тэрыторыі басейну Міжземнага мора.
Адначасова Філіп Чарлі адзначае, што няма ніякіх навуковых абгрунтаванняў таго, што парэшткі належаць менавіта Марыі Магдалене.