Пошук

11.09.2017 10:34   sib-catholic.ru

Шартрскі сабор у Францыі лічыцца пярлінай французскай готыкі. Пасля амаль 10 гадовай рэстаўрацыі сабор пазбавіўся самай шанаванай святыні — «Чорнай Мадонны». Яе вобраз стаў светлым і выклікаў незадаволенасць вернікаў.

Пра гэта паведамляе sib-catholic.ru са спасылкай на Rublev.com.

Драўляная скульптура XVI ст. была чорнага колеру і вернікі ўшаноўвалі яе больш за 500 гадоў. Як лічаць спецыялісты, чорнай скульптура была не заўсёды, таму рэстаўратары ачысцілі яе ад сажы і бруду. Аднак наведвальнікам сабора гэта не спадабалася, і яны раскрытыкавалі дзеянні вучоных.

Так выглядала статуя раней

Падчас рэстаўрацыі пабялела не толькі «Чорная Мадонна», але і сцены гатычнай святыні. Жыхары Шартра і пілігрымы пачалі пакідаць у кнізе наведвальнікаў запісы, у якіх працу рэстаўратараў яны абазначалі як кіч і безгустоўнасць. Сабор, на думку некаторых католікаў, цяпер выглядае як навабуд.

Рэстаўратары не згодны з такой ацэнкай іх работы і заяўляюць, што вярнулі сабору і яго ўбранству першапачатковы выгляд: ачысцілі ад сажы свечак і камінаў, а таксама ад шматвекавога бруду.

«Асацыіраванне сярэднявечных сабораў з цёмным, змрочным месцам — гэта фундаментальная памылка. Гэта не святыні меланхоліі», — адзначае гісторык мастацтва сярэдніх вякоў прафесар Гарварда Джэфры Хамбургер.

Рэстаўратары таксама ачысцілі большую частку вітражоў у саборы, уключаных у спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Але некаторыя з іх пакінулі бруднымі, каб наведвальнікі маглі ўбачыць кантраст.

Рэстаўрацыя сабора працягвалася 10 гадоў і стала найбольш істотнай рэканструкцыяй з часоў яго будаўніцтва ў 1194-1225 гг. За мінулыя 800 гадоў унутранае ўбранства цалкам змянілася.

Шартрскі сабор захаваўся да нашых дзён практычна некранутым. Ён пазбег разбурэнняў і рабаванняў, не рэстаўраваўся і не перабудоўваўся. Мэтай рэстаўрацыі было жаданне аднавіць першапачатковы выгляд святыні і інтэр’ер XIII ст.

«Чорная Мадонна»

«Чорнай Мадоннай» у каталіцкім рэлігійным мастацтве і шанаванні абазначаюць карціну ці статую з выявай Панны Марыі з лікам цёмнага адцення. Для такога выканання могуць быць выкарыстаны як чорная фарба, так і розныя віды чорнага дрэва і камня. Найбольш вядомы прыклад — Чэнстахоўскі абраз Божай Маці.

Раней выказваліся меркаванні, што цёмны колер твару і рук на некаторых сярэднявечных выявах Панны Марыі выкліканы выпадковымі прычынамі — напрыклад, узростам статуй і карцін або вялікім уздзеяннем палаючых свечах.

Аднак у апошні час мастацтвазнаўцы прыходзяць да высновы, што такі колер скуры Панны Марыі быў абраны мастакамі наўмысна; на гэта, у прыватнасці, указвае той факт, што чорны колер пакрывае толькі ўчасткі скуры, але не адзення або прадметы другога плану.

Адкуль з’явіліся «Чорныя Мадонны»?

Найбольш раннія выявы «Чорнай Мадонны» — гэта скульптуры з дрэва (радзей — з камня), створаныя ў раманскі культурны перыяд. Іх з’яўленне ў цалкам вызначаны час ў самых аддаленых паміж сабой кутках Еўропы ў значнай колькасці пакуль не знайшло навуковага тлумачэння.

Адна з гіпотэз кажа пра тое, што «Чорныя Мадонны» з’явіліся ў Еўропе (у прыватнасці, у Францыі) падчас крыжовых паходаў і былі завезены з краін Блізкага Усходу. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі рыцары тампліеры. Усе статуі былі створаны да XIII ст. і валодаюць шэрагам агульных знешніх прыкмет: вышыня каля 70 см, прамы позірк вялікіх вачэй. Рукі і пальцы — празмерна доўгія. На каленях яны трымаюць немаўля, якое глядзіць удалечыню. Твар у немаўляці не дзіцячы, а дарослага мужчыны.

На сёння культ Чорнай Мадонны вельмі распаўсюджаны ў цэнтральнай і паўднёвай Францыі (тут яны найбольш вывучаны), на захадзе і паўднёвым захадзе Германіі, у Іспаніі і Італіі.

Абноўлена 11.09.2017 14:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.