У лістападзе ў Аргенціне распачнуцца здымкі фільма «Папа» (The Pope), у якім будзе апавядацца пра заканчэнне Пантыфікату папы Бэнэдыкта XVI, яго адстаўку і пачатак Пантыфікату папы Францішка.
Стваральнікі раскажуць пра шлях Хорхе Марыё Берголіо да Пасаду св. Пятра і паспрабуюць раскрыць асобу першага Папы-езуіта і Папы-лацінаамерыканца.
Папу Францішка сыграе 70-гадовы Джонатан Прайс. Ужо цяпер крытыкі называюць такі выбар інтрыгуючым, бо апошняя яркая роля Прайса — гэта лідар рэлігійнага руху «Вераб’і» ў серыяле «Гульня тронаў», пабожны чалавек, які абараняе самых бедных і слабых. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтая роля дазволіла кампаніі Netflix разгледзець у ім ідэальную кандыдатуру на ролю папы Францішка, для якога клопат пра бедных і церпячых стаў ключавой рысай Пантыфікату.
Ролю яго папярэдніка, папы Бэнэдыкта XVI, выканае Энтані Хопкінс. Рэжысёрам фільма выступіць бразілец Фэрнанду Мейрэліш. За сцэнар адказвае Энтані МакКартэн, які намінаваўся на Оскар за адаптаваны сцэнар фільма «Сусвет Сцівена Хокінга».