Шартрскі сабор у Францыі, які лічыцца шэдэўрам французскай готыкі, пасля дзесяцігадовай рэстаўрацыі стаў светлым, а разам з ім пабялела і «Чорная Мадонна».
Гэта выклікала незадавальненне веруючых, паведамляе The New York Times. Драўляная скульптура XVI «Чорная Мадонна» — гэта выява Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам у вобразе Валадара і Валадаркі нябесных. Яны былі чорнага колеру. Паводле меркавання спецыялістаў, чорнымі выявы былі не заўсёды, таму рэстаўратары ачысцілі іх ад сажы і бруду.
Пасля рэстаўрацыі, як лічаць некаторыя вернікі, сабор страціў свой векавы каларыт і цяпер выглядае як новапабудаваны.
Рэстаўратары, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што вярнулі сабору і яго аздабленню першапачатковы выгляд: ачысцілі ад сажы свечак і камінаў, а таксама ад шматвекавога бруду. «Чорная Мадонна» першапачаткова была белай, і гэта было выяўлена перад рэстаўрацыяй.
Гісторык мастацтва сярэдніх вякоў, прафесар Гарварда Джэфры Хамбургер, расказаў The New York Times, што «няма ніякіх прычын адчуваць настальгію па бруду». «Асацыяванне сярэдневяковых сабораў з цёмным, змрочным месцам — гэта фундаментальная памылка. Гэта не святыні меланхоліі», — прыводзіць выданне словы гісторыка.
Рэстаўратары таксама ачысцілі большую частку вітражоў, якія ўключаны ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Аднак некалькі з іх пакінулі бруднымі, каб наведвальнікі маглі ўбачыць кантраст.