Пошук

06.09.2017 13:39   Пераклад і адаптацыя: Ілья Лапато / deon.pl

Яны паходзілі з цалкам розных асяроддзяў, але жыццё абедзвюх не было простым. Яны былі жаданым кавалкам для СМІ: спачатку іх паказвалі як святых, а іншым разам маглі змяшаць з балотам. Але яны сябравалі, і гэта іх змяняла.

Яны памерлі на працягу аднаго тыдня, і аплакваў іх увесь свет. Такой была гісторыя знаёмства св. Маці Тэрэзы з Калькуты і прынцэсы Дзіяны.

Маці Тэрэза пасля многіх гадоў цяжкай працы і атрымання Нобелеўскай прэміі стала сімвалам дабрачыннасці дапамогі. Пра яе заўсёды пісалі і гаварылі гучна, асабліва ў кантэксце тых рашэнняў, якія яна прымала, — напрыклад, не прыйсці на ўрачысты банкет для лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.

Прэсе не хапала гучных сенсацый, але Маці Тэрэза не давала нагоды для іх. Журналісты шукалі яе знаёмых і спрабавалі выцягнуць іх на сенсацыю...

Прынцэса Дзіяна таксама вымушана была змагацца са СМІ. Яна была ў цэнтры ўвагі — спачатку як нявеста, а пасля і як жонка наследніка брытанскага трону.

Мы бачылі яе так, як гэтага хацеў палац у Букінгеме. Але прынцэса годна трымала ўдар і сваё жыццё прысвячала сынам, якія былі сэнсам яе жыцця.

У момант, калі яе шлюб вісеў на валаску, яна пачала займацца дабрачыннасцю. Яна перамагла дэпрэсію і булімію і хацела дзяліцца сваёй свабодай і супакоем з іншымі.

Праз нейкі час яна пачала перапіску з Місіянеркамі Міласэрнасці і нават наведала іх дом у Рыме. Сястра Тэрэза не змагла тады прысутнічаць, бо хварэла, але, як пісала тады, вельмі хацела б пазнаёміцца з прынцэсай Дзіянай.

Паяднаныя адарацыяй

Іх першая сустрэча адбылася ў 1992 годзе ў Рыме. Прынцэса Дзіяна была запрошаная ў рымскі дом супольнасці, які раней наведвала. Адна з сясцёр прыгадвае, што іх асабістая размова цягнулася некалькі дзясяткаў хвілін, а перад брамаю ў гэты час шалелі папарацы, хочучы ўвасці.

Пасля размовы Маці Тэрэза і прынцэса пайшлі на адарацыю.

«Ніколі не забудуся, як яны знялі абутак, кленчачы ў капліцы на адарацыі. Гэта карціна ўрэзалася ў памяць: побач са зношанымі і шматразова рамантаванымі сандалямі Маці Тэрэзы былі прыгожыя чорныя лакавыя туфлікі на абцасе прынцэсы Дзіяны. Першыя насіліся гадоў 10, а другія выглядалі, нібы іх абулі толькі на адзін выхад», — прыгадвала сястра.

Ніхто не ведае, пра што яны размаўлялі так доўга, але пасля той сустрэчы ў прынцэсы Дзіяны з’явілася ўпэўненасць, што яна хоча прысвяціць сябе дабрачыннай дзейнасці.

«Сёння штосьці вельмі глыбока кранула маё сэрца, — пісала пасля прынцэса. — Я наведала дом Маці Тэрэзы і знайшла кірунак, які шукала ўсе гэтыя гады. Калі сёстры спявалі, я адчула моцнае глыбокае асэнсаванне. Гэтыя жанчыны так і прамяніліся святлом. Любоў разыходзілася з іх вачэй, а іх дотык быў напоўнены цяплом».

Любілі не толькі сяброў, але і ворагаў

Нейкі час пасля той сустрэчы Дзіяна пачала яшчэ актыўней займацца дабрачыннасцю. Свет абыходзілі чарговыя здымкі яе візітаў. Яна не баялася ўзяць на рукі хворае на СНІД дзіця ў той час, калі яшчэ было распаўсюджана меркаванне, што хвароба можа перадавацца праз судакрананні.

Пра тое, які ўплыў аказала на яе Маці Тэрэза, можна было пачуць у інтэрв’ю, у якіх прынцэса прамаўляла літаральна яе словамі. Было бачна, што яна мае такі ж погляд на свет, як і манахіня. У адным з інтэрв’ю для BBC яна адказала пра праблемы свету словамі Маці Тэрэзы: «Людзі церпяць з-за недахопу любові».

Прынцэса Дзіяна прымала актыўны ўдзел таксама ў кампаніі супраць раку грудзей, падчас якой Хілары Клінтан заахвочвала амерыканак і ўсіх жанчын да рэгулярных абследаванняў. Неўзабаве пасля таго візіту ў ЗША прынцэса падарыла Місіянеркам Любові дом у Вашынгтоне для дапамогі адзінокім цяжарным жанчынам.

У Маці Тэрэзы быў вельмі моцны характар, але разам з тым любоў і чуласць да хворых. Ёсць шмат гісторый пра тое, як яна крытыкуе Хілары Клінтан, якая была прыхільніцай абортаў.

«Гэта самае вялікае злачынства супраць міру ў свеце, — казала пра аборты святая. — Калі маці можа забіць дзіця, то хто ж будзе супраць таго, калі і мы пачнём забіваць?»

Благаслаўленне на развітанне

Апошні раз Маці Тэрэза і Дзіяна бачыліся ў Нью-Ёрку за два месяцы да смерці. Гэта быў чэрвень 1997 года. Яны ішлі разам пад руку па Бронксу. Падчас гэтай прагулкі яны разам маліліся, а на развітанне пацалавалі адна адну і Маці Тэрэза благаславіла Дзіяну.

Пра той выпадак шмат пасля пісалі ў прэсе. За Дзіянай хадзілі натоўпы папарацы, якіх, аднак, пазбягала Маці Тэрэза. Дзіяна не магла з імі змагацца, таму вырашыла выкарыстоўваць гэты розгалас, каб дапамагаць. Аднойчы яна сказала, што ў прысутнасці Маці Тэрэзы яна можа адпачыць і быць сабой, а свет медыя застаецца ў гэты час дзесьці далёка.

Апошнія месяцы свайго жыцця Маці Тэрэза вельмі цярпела. Яе даймалі хваробы — сардэчная недастатковасць, выкліканая другім інсультам пасля перанесенай малярыі. За некалькі месяцаў да смерці Маці Тэрэза складае з сябе абавязкі настаяцельніцы супольнасці. Але, нягледзячы на яе ўзрост, свет быў не гатовы да яе смерці. На працягу многіх гадоў яна здавалася нязломнай.

31 ліпеня 1997 года Дзіяна загінула ў аўтамабільнай аварыі ў Парыжы. Яе жыццё скончылася трагічна на вачах усяго свету. Цяжка хворая Маці Тэрэза здолела яшчэ напісаць словы спачування пасля смерці прынцэсы: «Яна хацела быць карыснай для бедных і вельмі клапацілася пра іх, таму была мне вельмі блізкай». Да пахавання прынцэсы яна не дажыла — памерла за дзень да гэтага.

«Ружанец быў для яе вельмі каштоўны»

Многія былі ў той час незадаволеныя тым, што СМІ не прысвяцілі належнай увагі смерці Маці Тэрэзы, якую аплаквала ўся Індыя і суседнія краіны. У цэнтры ўвагі сусветнай прэсы была смерць прынцэсы Дзіяны.

Шматгадовы сябар Дзіяны праз некалькі гадоў расказаў, што падчас адной з сустрэч яна атрымала ад Маці Тэрэзы ружанец. Калі пабачыў яе цела ў парыжскім шпіталі, паклаў яго ў яе далоні. «Яна гэтага хацела б. Была пратэстанткай, але была пахаваная з ружанцам», — казаў мужчына.

Можна сказаць, што абедзве адышлі ў арэоле святасці. Акрамя таго, што ўсё жыццё вымушаныя былі змагацца з нападамі і непаразуменнем, да канца жыцця іх сэрца балела за бедных. Іх смерць была вельмі сімвалічнай для свету. Яе аплаквалі як дарослыя, так і дзеці, багатыя і бедныя.

Абноўлена 06.09.2017 14:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.