Святар, натхнёны працай у шпіталі, пастанавіў набыць машыну хуткай дапамогі і пераабсталяваць яе ў... мабільны канфесіянал.
Ксёндз Майкл Шампэйн, вярнуўшыся з Рыма, пачаў душпастырскае служэнне ў бальніцы. Пасля таго, як папа Францішак абвясціў Год Міласэрнасці, гэты святар сеў перад камп’ютарам і напісаў у пашукавіку: «Ужываныя машыны хуткай дапамогі на продаж».
Ён знайшоў шмат варыянтаў, набыў адну з найбольш танных, адрамантаваў і пачаў выкарыстоўваць яе ад самага пачатку абвешчанага Пантыфікам Года Міласэрнасці.
З таго часу ў мабільным канфесіянале паспавядалася больш за чатыры тысячы чалавек.
«Гэта мяне вельмі захапіла, я не мог паверыць у гэта», — паўтарае кс. Шампэйн.
Пасля споведзі святар выпісвае духоўныя «рэцэпты» і дорыць ружанцы. Рэцэпт заахвочвае да ружанцовай малітвы раз на тыдзень у 15.00.
Мабільны канфесіянал паркуецца ў розных месцах: побач са спартыўнымі заламі, станцыямі метро, шпіталямі. Інфармацыю пра тое, дзе ў канкрэтны дзень спыніцца такі канфесіянал, можна адсочваць на адмысловым акаўнце на Фэйсбуку Fete Dieu du Teche.
Святар адзначае, што для яго не маюць значэння імгненныя змены ў чалавеку пасля споведзі ў такіх умовах: «Магчыма, гэтыя змены адбудуцца не зараз, а пазней», — заключае ён.