24 жніўня ў Фраскаці, пад Рымам, распачаўся форум палітыкаў з розных краін свету, членаў Каталіцкай заканадаўчай сеткі (International Catholic Legislators Network/ICLN). Падобная сустрэча арганізоўваецца ўжо восьмы раз.
Галоўныя тэмы сёлетняга форуму — праблематыка бежанцаў і мігрантаў, правы чалавека і пераслед хрысціянаў на Блізкім Усходзе. Падчас сесіі ICLN будзе ўздымацца таксама пытанне сексуальнага злоўжывання ў касцёльных колах.
ICLN была створана ў 2010 годзе па ініцыятыве арцыбіскупа Вены кардынала Крыстафа Шонбарна і члена Брытанскай палаты лордаў Дэвіда Альтона дзеля падтрымкі хрысціянскіх каштоўнасцяў у палітычнай сферы.
У склад групы ўваходзяць каталіцкія палітыкі і юрысты больш чым з 20 краін, якія ўдзельнічаюць у прыняцці законаў. Сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў аўстрыйскім Трумаў.
На канферэнцыю ў Фраскаці прыбыло каля 220 палітыкаў з 30 краін. 27 жніўня пасля малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра з удзельнікамі форуму сустрэнецца папа Францішак.