У гэтыя дні супольнасць Тэзэ і мноства блізкіх да яе людзей розных канфесій успамінаюць брата Ражэ, заснавальніка гэтай міжнароднай экуменічнай абшчыны.
12 гадоў таму — 16 жніўня 2005 года — 90-гадовы брат памёр ад нажавых раненняў, нанесеных яму псіхічна хворай жанчынай. Гэта адбылося падчас Вячэрні ў царкве Прымірэння. Швейцарскі манах, сын кальвінісцкага пастара, прысвяціў усё сваё жыццё прымірэнню паміж хрысціянамі, перш за ўсё пратэстантамі і католікамі.
У 1980 у базыліцы святога Пятра ў прысутнасці папы Яна Паўла ІІ брат Ражэ сказаў: «Я знайшоў сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, мірачы ў сабе маю спрадвечную веру з таямніцай каталіцкай веры, пры гэтым не парушаючы адзінства з кім-небудзь». У гэтых словах утоена ўся багатая спадчына, якой было наканавана ўвайсці ў гісторыю Касцёла.
Брат Ражэ заснаваў экуменічную манаскую супольнасць новага тыпу ў французскай вёсцы Тэзэ ў 1940 годзе. Матывам такога рашэння было не толькі пакліканне да глыбокага духоўнага жыцця і малітвы сэрцам, але таксама і хрысціянская гасціннасць: у пачатку Другой сусветнай вайны абшчына давала прытулак шматлікім бежанцам і яўрэям, якія ратаваліся ад нацысцкіх пераследаў.
На сёння ў супольнасці жыве больш за сто законнікаў розных хрысціянскіх канфесій з 30 краін свету. Маленькая бургундская вёска прыцягвае мноства маладых людзей, і такім чынам экуменічная абшчына працягвае шлях брата Ражэ.
Галоўнымі задачамі, якія, па словах брата Тэзэ Шарля Эжэна, сёння стаяць перад манаскай супольнасцю Тэзэ, з’яўляюцца перш за ўсё малітва і гасціннасць, якая цяпер усё часцей ахоплівае бежанцаў.