Пошук

16.08.2017 09:31   sedmitza.ru / Catholic.by

10 жніўня адышла ў вечнасць Рут Пфаў, нямецкая каталіцкая манахіня з Кангрэгацыі Дачок Сэрца Марыі, якую называлі «Пакістанская Маці Тэрэза». Яна памерла ва ўзросце 87 гадоў у мясцовасці, якой прысвяціла ўсё сваё жыццё.

У канцы 1950-х гадоў, атрымаўшы медыцынскую адукацыю, маладая манахіня накіравалася ў Індыю, аднак, з-за бюракратычнай цяганіны затрымалася ў Карачы, партовым горадзе на поўдні Пакістана. З таго часу, як паведамляе нямецкая рэдакцыя Ватыканскага радыё, яна ўжо не пакідала гэтай краіны, адшукаўшы там сэнс свайго жыцця ў барацьбе з праказай, на якую ў тыя часы хварэлі многія мясцовыя жыхары.

«Першым пацыентам, які запэўніў мяне распачаць гэтую барацьбу, быў малады афганец, — апавядала пазней Рут. — Ён поўзаў на руках і нагах у тым дыспансеры, у якім мы знаходзіліся, і вёў сябе так, нібы гэта нармальна».

Нямецкая манахіня прапанавала канкрэтныя ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб аздаравіць тысячы бедных людзей ад хваробы Хансэна. У выніку дзейнасці Рут Пфаў былі адкрыты сотні бальніц па ўсёй краіне, дзе манахіня наладзіла супрацоўніцтва з уладамі розных правінцый.

Сястра Рут расказвала: «Мы працавалі па ўсёй тэрыторыі і, нарэшце, у нас атрымалася вырашыць задачу, дасягнуўшы выніку, якога не змог атрымаць ніводны праект: мы ўзялі хваробу пад кантроль».

У 1988 г. Рут Пфаў за заслугі перад краінай атрымала пакістанскае грамадзянства. У 1996 годзе Сусветная Арганізацыя Здароўя аб’явіла Пакістан адной з першых краін Азіі, якая ўзяла праказу пад кантроль.

Сваё жыццё манахіня з Германіі прысвяціла таксама падрыхтоўцы ўрачоў і аказанню дапамогі людзям у крызісных сітуацыях. У прыватнасці, яна многае зрабіла ў гэтым кірунку пасля разбуральных навадненняў 2010 г.

«Яна дала новую надзею многім людзям і паказала сваёй выдатнай працай, што служэнне чалавецтву не ведае межаў», — адзначыў прэм’ер-міністр Пакістана Аббасі ў сваім спачувальным слове.

Абноўлена 16.08.2017 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа