Гарадскія ўлады Барселоны адмовіліся ад рэалізацыі праекта заключнага элемента знакамітай базылікі Sagrada Familia (Святой Сям’і) — працы архітэктара Антоніа Гаўдзі.
Пра гэта паведамляе газета La Stampa.
Гэта адзін з самых вядомых даўгабудаў свету, касцёл узводзяць з 1882 года. У 2010 г. папа Бэнэдыкт XVI асвяціў святыню, якая была афіцыйна аб’яўлена гатовай да набажэнстваў. У той жа дзень святыня атрымала тытул Малой папскай базылікі.
Антоніа Гаўдзі, які праектаваў сусветна вядомы сабор, меркаваў пабудаваць вялікую лесвіцу, якая павінна была весці да галоўнага ўваходу ў святыню. Але будаўніцтва гэтай лесвіцы патрабавала б істотных зменаў у арганізацыі руху на адной з вялікіх вуліц горада. Напрыклад, давялося б разбурыць 150 кватэр, а іх жыхароў перасяліць.
Як адзначаюць чыноўнікі, выдаткі на рэалізацыю такога маштабнага праекта цяжка было б пакрыць за кошт бюджэтных сродкаў Барселоны.
Штогод Барселона прымае мільёны турыстаў (больш за 3 мільёны ў 2016 годзе) і не можа сур’ёзна змяняць сваё гістарычнае аблічча.
Будаўніцтва, якое пачалося і працягваецца выключна на прыватныя ахвяраванні, вядзецца на ўчастку, які не належыць Касцёлу, таму не курыруецца Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Іспаніі.