Пошук

28.10.2020 14:09   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Felipe Dana / ČTK

Вядомая ва ўсім свеце статуя Хрыста Збаўцы ў Рыа-дэ-Жанэйра 12 кастрычніка 2021 г. адзначыць 90-годдзе свайго стварэння. 27 кастрычніка архідыяцэзія гэтай мітраполіі ў Бразіліі паведаміла пра пачатак рэстаўрацыйных прац.

Пра гэта паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, адзначаючы, што 38-метровы помнік Езуса Хрыста на вяршыні гранітнай гары Каркавада ў Рыа-дэ-Жанэйра з’яўляецца адным з сімвалаў гэтага горада. Час ад часу статую пашкоджваюць удары маланкі. На гэтым раз пашкоджанні будзе выпраўляць група з 40 экспертаў, у тым ліку альпіністы.

Адказны за рэстаўрацыю архітэктар Крысціна Вентура сказала, што фігура мае пашкоджанні пальца правай рукі, галавы і левага боку цела.

Часткі пальца правай рукі былі адбітыя яшчэ ў студзені 2014 г. у выніку ўдару маланкі.

Кошты рэстаўрацыі пакуль невядомыя. Да гэтага выдаткі на ўтрыманне і рэстаўрацыю фінансаваліся ў тым ліку з касцёльных грошай. З-за пандэміі каранавірусу статуя некалькі месяцаў была недаступнай для наведвальнікаў. З часу яе новага адкрыцця ў жніўні архідыяцэзія атрымлівае толькі невялікую частку платы за ўваход.

У апошні час здарылася спрэчка паміж дзяржаўнай службай аховы навакольнага асяроддзя, якая распараджаецца прыродным паркам, створаным вакол помніка ў 1961 г. і бярэ плату за ўваход, і архідыяцэзіяй, якая кантралюе сам помнік. Улады плануюць прыватызаваць рэстараны і крамы ўздоўж прыступак да помніка, а архідыяцэзія сцвярджае, што гэтая тэрыторыя падпарадкавана ёй.

Фігура Хрыста з шырока раскінутымі рукамі знаходзіцца на васьміметровым пастаменце на вяршыні 710-метровай гары Каркавада.

Тэрыторыя плошчай каля 500 квадратных метраў, на якой стаіць помнік, належыць архідыяцэзіі. Статуя знаходзіцца ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца найважнейшым рэлігійным сімвалам Бразіліі. Кожны год гэтае месца наведваюць каля двух мільёнаў чалавек.

Абноўлена 28.10.2020 14:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа