Чацвёрты сезон нацыянальнай французскай латарэі «Місія спадчыны» збярэ ў 2021 годзе сродкі для рэстаўрацыі 18 помнікаў культурнай спадчыны Францыі, у ліку якіх пяць рэлігійных.
Пра гэта 5 красавіка паведамілі на сайце міністэрства культуры Францыі, на які спасылаецца партал blagovest-info.ru.
Сярод рэлігійных аб'ектаў — помнікі ад XIV да пачатку ХХ стагоддзя:
- кляштар Маркасу ў Катэры
- касцёл святога Яна Хрысціцеля ў Стэнверку
- касцёл святой Марыі пры абацтве ў Суяке
- капліца Звеставання і Унебаўзяцца ў Ля-Брыг
- касцёл святога Пятра і святога Паўла ў Пуэнт-а-Пітры (французскі дэпартамент Гвадэлупа).
Акрамя гэтага, сярод рэлігійных помнікаў са спісу 2021 — сельская ферма Віларывон з капліцай святога Андрэя ў камуне Ле-Шапэль.
У ліку аб’ектаў таксама музей Марсэля Пруста, дом Луі Пастэра, былая дзіцячая турма ў Гіёме, стайні Рышэлье, ветраны млын цукроўні Русэль-Трыянон.
Аб’екты, выявы якіх з’явяцца на білетах латарэі «Місія спадчыны», могуць атрымаць дапамогу ў суме 300 тысяч еўра. Кошт білета — 15 еўра.
Прыбытак ад першага розыгрышу дабрачыннай латарэі, у якой узялі ўдзел каля двух мільёнаў чалавек, на 30 працэнтаў перавысіў прыбытак ад звычайнай латарэі і склаў каля 15 мільёнаў еўра.
«Місія спадчыны» была створана ў 2018 годзе па прапанове прэзідэнта Францыі. Емануэль Макрон даручыў узначаліць фонд папулярнаму тэлевядучаму Стэфану Бергу, які змагаўся за захаванне культурнай спадчыны. За час існавання фонда дапамога была аказана 527 аб’ектам у правядзенні аднаўленчых прац; уратаваныя ўжо 260 аб’ектаў.
Кожны ахвотны можа паведаміць на сайт «Місія спадчыны» пра сваю занепакоенасць адносна захавання тых ці іншых помнікаў.
Як паведамляецца на сайце фонда, дзякуючы неабыякавым грамадзянам у Францыі было выяўлена каля 4 тысяч аб’ектаў, якім пагражала знікненне.
Прэзідэнт Францыі падтрымлівае развіццё гэтай ініцыятывы. У 2018 годзе ён асабіста пабываў на адным з аб’ектаў дабрачыннай латарэі — вілле Віярда ў Бужывалі, дзе ў XIX стагоддзі жыў рускі пісьменнік Іван Тургенеў і дзе знаходзіцца частка яго музея.