Пошук

06.03.2020 15:11   Паводле: Vatican News

Фота: Look My Trips

Вярнуць першапачатковую веліч і ўмацаваць канструкцыю — мэта рэстаўрацыі барабана купала базылікі святога Пятра ў Ватыкане, спраектаванага Мікеланджэло Буанароці і Джакамо дэлла Порта.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, рыштаванні над базылікай пачалі ўстанаўліваць яшчэ 2 верасня 2019 г. Гэта было першым этапам падрыхтоўкі да доўгай і карпатлівай працы, якая, паводле папярэдніх прагнозаў, будзе працягвацца чатыры гады.

У першую чаргу будзе адрэстаўравана франтальная частка барабана, бачная з плошчы Святога Пятра, каб пілігрымы і турысты маглі як мага хутчэй ацаніць яго прыгажосць у адноўленай цэласнасці і першапачатковай белі. Затым рэстаўратары зоймуцца ўнутранай часткай, звернутай унутр Ватыкана.

Праект з’яўляецца апошнім этапам рэстаўрацыі вонкавых элементаў базылікі.

У 2000 г. быў вернуты першапачатковы выгляд яе фасаду, а з 2007 г. вяліся працы па абнаўленні бакавых частак і двух малых купалоў — Грыгарыянскага і Клімэнтыйскага.

Рэстаўрацыя мае дзве мэты: эстэтычную і функцыянальную. Акрамя вяртання старадаўняй велічы архітэктурнай структуры базылікі, гаворка ідзе пра павышэнне ўстойлівасці і бяспечнасці канструкцый.

Папярэдняя дыягностыка будзе праводзіцца з выкарыстаннем сучаснага лазернага абсталявання. Яна прадугледжвае вывучэнне фрагментаў цэглы, тынкоўкі і сажы, праверку громаадводу, ачышчэнне, умацаванне, ахову траверцінавай паверхні ад знешняга ўздзеяння. Рэстаўратары не выбеляць барабан цалкам, каб захаваць яго каштоўную «гістарычную паціну». Яна павінна стаць часткай «новага адзення», у якім купал паўстане перад народам, калі разбяруць рыштаванні.

Абноўлена 06.03.2020 17:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця