У цэнтры Петразаводска каля Музычнага тэатра Карэліі распачаліся археалагічныя даследаванні. Протаіерэй Канстанцін Савандэр правёў самастойнае даследаванне і высветліў, дзе павінна знаходзіцца дольная царква катэдральнага сабора пад тытулам Сашэсця Святога Духа, знішчанага ў 1936 г.
«Святадухаў сабор меў два ўзроўні. Ніжнюю царкву стварылі ў гонар святых Аланецкай губерніі. Гэта своеасаблівы пячорны храм, створаны па прыкладу катакомбаў старажытных хрысціян. Ён быў часткова разбураны ў 1936 годзе, калі на яго ўпала частка ўзарванага верхняга храма», — адзначыў святар выданню «Российская газета».
Прапанову протаіерэя распачаць пошук падземнага храма падтрымалі члены камісіі па культурна-гістарычнай спадчыне адміністрацыі Петразаводскай гарадской акругі.
Па словах археолага Нацыянальнага музея Марка Шахновіча, удалося выявіць частку фундамента і прытвора сабора.
«Нягледзячы на тое, што сам храм быў драўляным, валунны фундамент вельмі моцны, ён цудоўна захаваўся, — падкрэсліў археолаг. — Мы не ўяўлялі, што будзе так прыгожа з пункту гледжання археалогіі, што будзе такая моцная канструкцыя, якая напрошваецца на мадыфікацыю, на новае архітэктурнае рашэнне».
На сёння гісторыкі выявілі толькі частку будынка. Па іх зветках, ён быў вялікім: 36 метраў у даўжыню і 24 у шырыню.
Плануецца, што пасля завяршэння раскопак на месцы храма будзе адноўлена гістарычная капліца блажэннага Фадзея Петразаводскага, якая знаходзілася недалёка ад сабора.
Будаўніцтва Святадухавага сабора працягвалася з 1860 па 1872 год. Пячорная катакомба ў гонар святых Аланецкіх цудатворцаў была змайстравана ў 1866 годзе ў дольным храме. У 1878 г. яе закрылі. Вясною 1936 года святыня была разбурана паводле рашэння Петразаводскага гарсавета.