Біблія мае больш агульнага з «Зорнымі войнамі», чым можна падумаць. Гэту ідэю хоча данесці выкладчык Новага Запавету ва ўніверсітэце Батлера (ЗША) доктар Джэймс Макграт.
Каб гэта даказаць, ён стварыў картачную гульню на аснове Бібліі.
Паводле слоў выкладчыка, гульня «Канон» — гэта крэатыўны спосаб вывучэння паходжання Пісання.
«Як прафесар курса я сутыкнуўся з праблемай, што студэнты маюць часта няправільныя ўяўленні пра біблейскі канон. Некаторыя думаюць, поўны зборнік зваліўся з неба, у той час як іншыя чулі версію кода Да Вінчы, дзе Евангелляў было так шмат, што іх скарацілі да чатырох», — прыводзіць словы Макграта Christian Today.
Мужчына таксама растлумачыў, што тыя, хто вывучаў гэту тэму, ведаюць, што гісторыя канона складаная.
«Усё пачалося з сумеснай працы, якую некалькі абшчын павінны былі выканаць разам. У іх былі ўнутраныя і знешнія рознагалоссі. Абмеркаванні, дапаўненні, выключэнні і шмат чаго іншага адбывалася на працягу стагоддзяў», — расказаў прафесар.
На яго думку, аднак, гістарычныя цяжкасці паходжання Бібліі мала каго цікавяць за межамі спецыялізаваных акадэмій. Гэта стала прычынай пошуку спосаба, як зрабіць навучанне больш прывабным для студэнтаў.
Эўрыка!
Макграт падумаў, што вучэбны працэс можна ўладкаваць у выглядзе гульні, дадаўшы ў яго «суперніцтва і сумесную працу». Так ўзнікла гульня «Канон», якая апісвае працэс стварэння Святога Пісання».
Больш за ўсё прафесара натхніла разуменне таго, што канцэпцыя «Канона» Пісання вельмі падобная на канцэпцыю папулярных сучасных франшыз, такіх як «Зорныя войны», «Зоркавы шлях», «Доктар Хто». Сярод прыхільнікаў гэтага фэнтэзійных светаў адбываюцца дэбаты аб тым, якія гісторыі належаць да «канону», а якія не.
«Калі хтосьці кажа, што “Эпізод І Зорных войнаў” не настолькі аўтарытэтны, як арыгінальная трылогія, гэта параўнальна з дэбатамі паміж пратэстантамі і католікамі пра адносную важнасць паслання да Рымлянаў і Якуба. Гэта тое ж самае, што прымаць Евангелле ад Яна і тым не менш, абмяркоўваць статус гісторыі пра жанчыну, якую злавілі на чужалостве», — цытуе бібліста Christian Today.
Упершыню Джэйс Макграт прадставіў сваю гульню на занятках па курсе «Рэлігія і навуковая фантастыка». Гульню добра прынялі, і з тых часоў ужо выйшла некалькі яе перавыданняў, дапоўненых з дапамогай прафесійнай выдавецкай кампаніі.
Сёння гэту гульню выкарыстоўваюць прафесары на лекцыях у ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Нарвегіі і Сінгапуры. У бліжэйшыя месяцы бібліст прадставіць сваю гульню на прэстыжным штогадовым акадэміцкім сходзе Супольнасці біблейскай літаратуры.
«Зорныя войны» — фантастычная франшыза ў жанры касмічнай оперы, якая ўключае ў сябе восем фільмаў, а таксама анімацыйныя серыялы, мультфільмы, кнігі, коміксы, відэагульні, цацкі і г.д.