Пошук


Нямецкія біскупы выступаюць супраць так зв. аднаполых шлюбаў. Пазіцыю нямецкага епіскапата ў інтэрв'ю берлінскаму тэлебачанню RBB нагадаў арцыбіскуп Хайнер Кох, старшыня камісіі па пытаннях сужэнства і сям'і.

На думку іерарха, прызнанне аднаполых шлюбаў было б «спыненнем доўгай традыцыі» і штуршком да яе падмены.

Фота Berliner Zeitung/Paulus Ponizak – Quelle: http://www.berliner-zeitung.de/27889268 ©2017

Нагадаем, 30 чэрвеня ў Бундэстагу ў чарговы раз разгледзелі законапраект «Шлюб для ўсіх», які прадугледжвае магчымасць браць шлюб гомасексуальным парам. Законапраект быў падтрыманы большасцю галасоў парламентарыяў. Пры гэтым канцлер Ангела Меркель прагаласавала супраць, як і чвэрць дэпутатаў яе фракцыі.

Законапраект атрымаў падтрымку і ў Бундэсраце — канстытуцыйным органе Германіі. Цяпер справа за прэзідэнтам краіны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Калі ён падпіша гэты праект, то закон уступіць у сілу ўжо з кастрычніка 2017 года.

Арцыбіскуп Кох сказаў, што нямецкія біскупы ўспрымаюць шлюб як саюз паміж мужчынам і жанчынай, заключаны на ўсё жыццё і які адкрыты на перадачу патомства. Паводле яго слоў, гэта «цалкам адпавядае бачанню шлюбнага саюза, якое мелі аўтары нямецкай канстытуцыі».

Як лічаць каталіцкія іерархі Германіі, трывалая сувязь, заключаная на вернасці паміж мужчынам і жанчынай, з'яўляецца «каштоўнаю прастораю для выхавання дзяцей». Менавіта таму з-за важнасці гэтай формы жыцця грамадства абарона сужэнства знайшла свой запіс у Канстытуцыі краіны.

Арцыбіскуп Кох падкрэсліў, што адрозненне паміж шлюбным саюзам і аднаполымі саюзамі не з'яўляецца выразам гамафобіі, але ўказаннем разнастайнасці нормаў жыцця.

Аднаполыя саюзы легалізаваныя ў Германіі з 2002 года, аднак, члены такіх саюзаў не маюць права ўсынаўляць дзяцей.

Абноўлена 19.07.2017 14:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.