
Распачаты працэс кананізацыі маладога шатландца Джо Уілсана, міленіяла, які памёр ва ўзросце 17 гадоў і чыё жыццё натхніла цэлае пакаленне.
«Я заўсёды буду побач з Богам, таму што ён — самае важнае ў маім жыцці». Вось як Джо Уілсан напісаў пра свае глыбокія адносіны з Панам у асабістым дзённіку, які пасля яго раптоўнай смерці ў 2011 годзе натхніў многіх людзей па ўсім свеце.
У лістападзе мінулага года шатландскія біскупы афіцыйна ўхвалілі пачатак працэсу яго кананізацыі. На дадзены момант пастулатар, Валеры Флемінг, збірае ўсе падрабязнасці пра яго жыццё і спадчыну, каб прадставіць іх у Ватыкан.
Жывы прыклад cвятога
Флемінг распавяла ACI Prensa, іспанамоўнаму філіялу EWTN News, падрабязнасці пра Джо, сціплага і добрага маладога чалавека, які вельмі імкнуўся да святасці.
«У апошні год вучобы Джо ў сярэдняй школе (каталіцкай) настаўнік праводзіў урок рэлігіі, прысвечаны святым, і спытаў вучняў: "Як вы думаеце, якім быў бы святы сённяшняга часу?" Увесь клас павярнуўся і паказаў на Джо, а дырэктар сказаў: "Вось ён"».
«Гэта проста неверагодна», — пракаментавала Флемінг.
Непадалёк ад яго дома знаходзіўся грот Карфін, месца пілігрымак і святыня Маці Божай з Люрд, якую Джо часта наведваў, каб знайсці супакой, якога ён так прагнуў.
Гэты анклаў, вядомы як «шатландскі Люрд», стаў сведкам духоўнага росту маладога чалавека, чыё сяброўства з Панам умацавалася ў апошнія гады жыцця.
Калі Джо ўпаў у кому з-за хваробы сэрца, сотні людзей сабраліся ля святыні, каб памаліцца аб яго аздараўленні, здзейсніўшы пілігрымку са свечкамі.
Непахісная вера святой Тэрэзы з Лізьё таксама вельмі натхняла Джо, які знайшоў у гэтай святой сілу, неабходную яму для служэння іншым, і стаў прыкладам шчодрасці і адданасці для сваёй сям'і і ўсяго атачэння.
Джо памёр 20 снежня 2011 года ў бальніцы агульнага профілю Уішоў, усяго праз пяць дзён пасля свайго 17-годдзя, ад сіндрому Вольфа-Паркінсана-Уайта, прыроджанага пароку сэрца, да якога асабліва ўразлівыя маладыя спартсмены.
«Менавіта такім быў Джо», — успамінала Флемінг, якая сказала, што раптоўная смерць хлопца «стала велізарным узрушэннем для яго сям'і». Бацькі юнака, Алан і Вераніка Уілсаны, выхоўвалі сына ў веры разам з малодшай сястрой Анджэлай, да якой Джо адчуваў асаблівую прыхільнасць.
Сярод яго асабістых рэчаў бацька знайшоў дзённік, у якім Джо, пачынаючы з 14-гадовага ўзросту, запісваў самыя патаемныя падрабязнасці свайго духоўнага жыцця, а таксама разважанні аб веры і пошуках Бога, што сведчыла аб незвычайнай для яго ўзросту сталасці.
Малады чалавек выказваў свой энтузіязм з нагоды візіту папы Бэнэдыкта XVI у Шатландыю ў 2010 годзе: «У нядзелю я маліўся на ружанцы, каб усё прайшло добра і было шмат навяртанняў. Езус будзе на алтары!».
«Я ведаю, што свет не будзе дасканалы, і менавіта таму мне падабаецца верыць. Падумайце аб усіх тых людзях, якія пакутуюць ад голаду, ад войнаў; якія былі адкінутыя, падвяргаліся катаванням, якіх не любілі ў гэтым свеце. Усе гэтыя людзі, якім не пашанцавала на зямлі, я ўпэўнены, сядзяць на самых высокіх тронах на нябёсах», — напісаў ён незадоўга да сваёй смерці.
Флемінг адзначыла, што нататкі Джо «натхняюць людзей, якія інакш не даведаліся б пра Касцёл», асабліва моладзь, якая «разумее, што можна быць звычайным чалавекам і ў той жа час сведкам Бога». Яна таксама падкрэсліла, што Джо можа стаць «першым святым міленіялам у Шатландыі».
Апошнім чалавекам шатландскага паходжання, залічаным да святых, быў святы Джон Агілві, святар-езуіт, які прыняў мучаніцкую смерць у Глазга ў 1615 годзе і быў кананізаваны святым Паўлам VI у 1976 годзе.







