Раніцай 27 лістапада Папа Леў XIV вылецеў з рымскага аэрапорта «Ф’юмічына» ў кірунку Анкары. Так распачалося яго першае апостальскае падарожжа, у рамках якога Пантыфік наведае дзве краіны: Турцыю і Ліван.
Папа адправіўся ў сваю першую замежную пілігрымку пад апекай Панны Марыі: на борце самалёта была размешчана выява старажытнага абраза Маці Добрай Рады з санктуарыя Джэнацана, які знаходзіцца недалёка ад Рыма. Гэтым месцам з 1200 года апякуюцца манахі Ордэна святога Аўгустына, да якога належыць Пантыфік. Леў XIV наведаў яго 10 мая 2025 года — праз два дні пасля свайго абрання Біскупам Рыма.
Падарожжа Пантыфіка ў Турцыю пройдзе з 27 па 30 лістапада 2025 года. Яго дэвіз — «Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост» (Эф 4,5). Візіт прымеркаваны да 1700-годдзя Нікейскага Сабора — першай вялікай экуменічнай падзеі ў гісторыі хрысціянства. Яго кульмінацыйным момантам стане наведванне горада Ізнік, старажытнай Нікеі, дзе каля месца археалагічных раскопак старажытнай базілікі святога Неафіта Папа прыме ўдзел у экуменічнай малітоўнай сустрэчы з Патрыярхам Барталамеем І, прадстаяцелямі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх Цэркваў.
Візіт Льва XIV у Ліван адбудзецца з 30 лістапада па 2 снежня пад дэвізам: «Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5,10). Папа сустрэнецца з уладамі, духавенствам, вернікамі і моладдзю гэтай блізкаўсходняй краіны, наведае мясцовы марыйны санктуарый у Харысе, каталіцкі шпіталь, а таксама памоліцца на месцы выбуху ў порце Бейрута. Завершыцца падарожжа святой Імшой на набярэжнай Beirut Waterfront.


