Пошук

29.05.2024 09:11   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская / Фота: Дзяніс Лапуноў / Catholic.by

 

З 24 па 27 мая ў Кракаве (Польшча) праходзіў Другі з’езд беларусаў-католікаў замежжа.

Сёлета ўдзел у сустрэчы ўзялі каля 70-і дэлегатаў, большасць з якіх паходзілі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На запрашэнне адгукнуліся супольнасці з васьмі гарадоў Польшчы: Беластока, Варшавы, Гданьска, Кракава, Лодзі, Любліна, Познані, Торуні, Уроцлава.

Галоўным арганізатарам сустрэчы стала душпастырства беларусаў Кракава на чале з ксяндзом Юрыем Рашатко.

З’езд распачаўся са святой Імшы ў кракаўскім касцёле святога Стэфана, дзе на малітву штонядзелю збіраюцца беларусы каталіцкага веравызнання. Літургію ўпрыгожылі ўзнёслыя спевы хору, які зусім нядаўна склаўся з прадстаўнікоў мясцовага душпастырства. Святую Імшу цэлебраваў душпастыр кракаўскіх беларусаў ксёндз Юрый Рашатко. Святар настройваў удзельнікаў з’езду на плённую працу і прасіў аб Божым бласлаўленні для іх на бліжэйшыя тры дні.

У пятніцу падчас вячэры ўдзельнікі з’езду знаёміліся паміж сабою, дзяліліся навінамі з землякамі, распавядалі пра сваё жыццё ў Польшчы і абмяркоўвалі далейшыя планы.

Кракаўская супольнасць паклапацілася пра начлег для ўсіх, хто меў у гэтым патрэбу. Большасць удзельнікаў з’езду прыехала на наступны дзень, у суботу. Раніцай, пасля рэгістрацыі і снедання, прысутныя памаліліся Ютрань.

Удзельнікаў з’езду па відэасувязі прывітаў біскуп Алег Буткевіч. Віцэстаршыня ККББ перадаў благаслаўленне ад усіх біскупаў Беларусі для беларускай дыяспары і благаславіў удзельнікаў з’езду.

Падчас сустрэчы кожная супольнасць мела магчымасць прадставіць сваю дзейнасць, падзяліцца навінамі і планамі. Прадстаўнікі розных душпастырстваў падрыхтавалі прэзентацыі. Аўдыторыя хутка рэагавала на агучаныя праблемы, людзі дзяліліся вопытам і карыснымі кантактамі.

Пасля адбылася прэзентацыя ватыканскай інструкцыі Erga migrantes caritas Christi («Любоў Хрыста да мігрантаў»). Гэты дакумент з’яўляецца касцёльным адказам на душпастырскія патрэбы мігрантаў, акрэслівае іх правы, а таксама разглядае прычыны міграцыі ў сучасным свеце.

Напачатку арганізатары тэзісна пазнаёмілі прысутных са зместам ватыканскай інструкцыі.

Пасля ўдзельнікі з’езду падзяліліся на группы, каб у святле дакументу Святога Пасаду разам шукаць адказы на пытанні, з якімі яны сутыкаюцца ў сваіх супольнасцях, і разважалі над тым, што яшчэ можна зрабіць для католікаў беларускага паходжання, якія сёння жывуць у Польшчы.

Пасля перапынку ўдзельнікі з’езду маглі прадставіць Богу свае інтэнцыі падчас адарацыі. Беларуская дыяспара таксама малілася аб Божым благаслаўленні для новага біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя ў дзень яго біскупскага пасвячэння. Ахвотныя маглі прыступіць да сакрамэнту споведзі.

Пасля маёвага набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі прысутныя вырушылі на вакзал. Удзельнікаў з’езду чакала экскурсія ў саляной шахце ‎Вялічка, якая знаходзіцца непадалёк ад Кракава. Беларусы наведалі некалькі падземных капліц, пабачылі рэлігійныя скульптуры, выразаныя з солі, а таксама абразы, фрэскі і іншыя прыкметы хрысціянскага ладу жыцця былых «жыхароў» шахты.

У капліцы святога Яна Паўла ІІ упершыню адбылася Літургія на беларускай мове. На глыбіні 135 метраў удзельнікі з’езду маліліся ў тых інтэнцыях, якія прынеслі ў сваім сэрцы.

Галасы кракаўскага хору напоўнілі падземную капліцу і, адбіваючыся ад саляных сценаў, нібы прабівалі тоўшчу зямлі, каб узнесціся да Нябёсаў.

У нядзелю ўдзельнікі з’езду маліліся ў езуіцкай базыліцы Насвяцейшага Сэрца Езуса разам з пілігрымамі з Беларусі, якія, на чале з ксяндзом Аўгустам Калясінскім, вярталіся з вандроўкі з Будапешта ў Мінск.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі падвялі вынікі сустрэчы і падзяліліся сваімі ўражаннямі. Напрыканцы ахвотныя маглі далучыцца да экскурсіі па беларускіх месцах Кракава.

Душпастырствы беларусаў Польшчы ўдзячныя ахвярадаўцам, а таксама кракаўскай супольнасці беларусаў і ксяндзу Юрыю Рашатку за арганізацыю з’езду.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця