15 мая прадстаўнікі супольнасці беларусаў-католікаў Варшавы разам са сваім душпастырам сустрэліся з кардыналам Казімірам Нычам, пастырам Варшаўскай архідыяцэзіі.
На сустрэчы абмеркавалі мінулы год дзейнасці душпастырства беларусаў у Варшаве; выклікі, якія стаяць перад супольнасцю, і шэраг бягучых пытанняў. Адна з тэмаў, якія падымаліся, гэта вызначэнне кананічнага статусу для супольнасці і юрыдычнае афармленне душпастырства. Кардынал Ныч запэўніў, што дапаможа і вырашыць гэтыя пытанні.
Ад імя беларусаў Варшавы прадстаўнікі супольнасці падзякавалі высокаму іерарху за клопат пра душпастырства і пра беларусаў.
Супольнасць беларусаў у Варшаве праводзіць пастаянныя сустрэчы з 2020 года. Сёння святыя Імшы адбываюцца ў дзвюх месцах: у дольным касцёле св. Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў па нядзелях у 11.30 і 18.00, па панядзелках і чацвяргах у 18.00; а таксама ў парафіяльным доме пры касцёле св. Фаўстыны (Żuromińska 2) па нядзелях у 10.30.