Пошук

11.03.2024 11:00   Тэкст: Аляксей Бука / Фота: Вольга Хруль / Catholic.by

У ІV нядзелю Вялікага посту беларусы Масквы і Падмаскоўя сабраліся на святую Імшу ў капліцы кляштара айцоў фрацішканаў у сталіцы суседняй дзяржавы.

Эўхарыстыю для суайчыннікаў цэлебраваў душпастыр католікаў беларускага паходжання сталічнага рэгіёна айцец Пётр Карнелюк OFMConv.

У прамоўленай гаміліі святар нагадаў, што Вялікі пост — гэта час разважанняў пра свае грахі; пра тое, што можа аддаляць людзей ад Бога.

«Не чалавек ідзе да Бога, а Бог да чалавека. Бог першым палюбіў нас. Любоў Яго было ўжо нават да стварэння гэтага свету, які быў створаны дзеля чалавека. Першапачаткова гэта быў Эдэн. Менавіта там, мы памятаем, як Бог гукаў: „Дзе ты, Адаме?“ Безумоўна, Пан бачыў Адама і Еву, ведаў пра іх грэх, але даваў ім шанц пакаяцца за свой учынак», — адзначыў душпастыр. Ён дадаў, што Бог, хоць і жадае нашай любові ў адказ на сваю любоў, ніколі нас не прымушае, а пакідае нам вольны выбар, рызыкуючы атрымаць адмову ісці шляхам святла.

«І здараецца, што мы з лёгкасцю адыходзім у цемру падману і ілжы, знаходзячы ўсё новыя апраўданні граху. Тады Бог дае нам сонечныя дні: дае мачымасьць сустракаць розных людзей, якія, быць можа, патрабуюць нашай дапамогі. Гэта Ён у выглядзе людзей прыходзіць да нас, дае нам шанц выправіцца.

Адказам на нашыя грахі была, ёсць і будзе Ягоная Любоў. Адказ ужо дадзены: Айцец нябесны аддаў Свайго Сына за нас на смець на крыжы. Святло гэтага крыжа па-ранейшаму асвятляе шлях з цемры граху ў жыццё вечнае», — падкрэсліў душпастыр у разважанні над нядзельным Евангеллем.

Пасля заканчэння набажэнства вернікі сабраліся разам з айцом Пятром Карнелюком у бібліятэцы францішканскага Культурнага цэнтра, каб абмеркаваць пры кубку гарбаты пытанні падрыхтоўкі супольнасці да Велікодных святаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа