Пошук

01.03.2024 14:08   Паводле: Ватыканскае радыё / Catholic.by
Біскуп Эрык Вардэн. Фота: facebook.com/Katolsk.Kirke.Ost.Finnmark

У Нарвегіі распачалася падрыхтоўка да адзначэння 1000-годдзя з часу мучаніцкай смерці святога Олафа — караля, які аб’яднаў краіну і ўвёў у ёй хрысціянства.

Як паведаміла 29 лютага Польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, 1000-гадовы юбілей мучаніцкай смерці святога караля будзе адзначацца ў 2030 годзе, але падрыхтоўка да яго распачалася ўжо цяпер. Як кажа біскуп Эрык Вардэн OCSO, «вялікія рэчы патрабуюць шмат часу».

Іерарх з’яўляецца пастырам нарвежскай тэрытарыяльнай прэлатуры Тронхэйма, дзе знаходзіцца месца пахавання святога Олафа, дзякуючы чаму ў Сярэднявеччы гэты трэці па велічыні сёння горад Нарвегіі быў папулярным месцам пілігрымак. У апошнія гады традыцыя пілігрымак там адраджаецца.

Яшчэ адным важным месцам на шляху пілігрымаў, звязаным са святым Олафам, з’яўляецца Стыклестад, дзе ён прыняў мучаніцкую смерць. З самага пачатку, адразу пасля мучаніцтва, людзі маліліся перад рэліквіямі святога караля, атрымліваючы суцяшэнне і аздараўленне.

«Так адбываецца і сёння. Сярод нас ёсць людзі, якія былі аздароўленыя ад цяжкіх хваробаў пасля малітвы перад рэліквіямі святога Олафа», — сказаў біскуп Вардэн у інтэрв’ю Каталіцкаму агенцтву навін CNA.

49-гадовы нарвежскі іерарх — канвертыт. Прыняўшы каталіцкую веру, ён стаў манахам трапістам. Распачынаючы падрыхтоўку мясцовай касцёльнай супольнасці да юбілею, ён падкрэслівае значэнне святога Олафа для сучасных хрысціянаў.

«Сваёй мужнасцю перад абліччам спатканага супраціву ён паказвае нам, што за пэўныя рэчы варта памерці», — сцвердзіў нарвежскі біскуп, дадаўшы, што для яго вернікаў святы Олаф стаў увасабленнем паслядоўнага жыцця вераю.

«Яго лёс паказвае нам, што ласка дзейнічае паступова, але надзейна. Яна схіляе нас рабіць радыкальныя выбары; паказвае, што жыццё паводле Евангелля дае свабоду і рэалізацыю, але пры гэтым не абавязкова хуткі поспех, бо ён сам памёр як мучанік», — заўважыў біскуп Эрык Вардэн.

Тэрытарыяльная прэлатура Тронхэйма планце правесці шэраг мерапрыемстваў у межах падрыхтоўкі да 1000-годдзя з часу мучаніцкай смерці святога Олафа. Першае з іх пад назваю «Місія 2030» адбудзецца 13 красавіка. Паколькі нарвежскі кароль прыняў мучаніцтва ў сераду, па серадах будуць адбывацца спецыяльныя набажэнствы ў капліцы ў Стыклестадзе, якая сіаіць на месцы мучаніцтва. Першае з іх адбудзецца 31 ліпеня, у першую сераду пасля літургічнага ўспаміну святога Олафа, які адзначаецца 29 ліпеня.

Абноўлена 01.03.2024 14:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.