Пошук

01.03.2024 13:22   Паводле: Niedziela.pl / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява / Canva.com

Дэмаграфічны крызіс у Еўропе апошнім часам набывае незваротны характар, што можа прывесці да паступовага вымірання карэннага насельніцтва Старога свету, калі не будуць прынятыя неадкладныя меры, у тым ліку на заканадаўчым узроўні.

Матэрыял на гэтую тэму, падрыхтаваны прафесарам Паўлам Собчыкам, быў апублікаваны 1 сакавіка на каталіцкім партале Niedzela.pl.

Дэмаграфічныя тэндэнцыі ў Еўропе са старажытных часоў да нашых дзён шмат разоў змяняліся. У XIX i XX стагоддзях быў адзначаны пік натуральнага прыросту, а пераломным момантам сталі дзве сусветныя вайны, пасля якіх натуральны прырост пачаў няўхільна змяншацца.

У цяперашні час паняцце «Еўропа — Стары кантынент» набывае новы сэнс у сувязі з выключна высокім адсоткам пажылых людзей. Каэфіцыент нараджальнасці ў Еўропе пастаянна падае: у 1950-я гады ён складаў 2,77, а ў 2017 годзе ў сярэднім па ЕС — 1,59.

Таму можна сказаць, што ў Еўропе «больш трунаў, чым калысак».

Прагнозы на XXI стагоддзе не аптымістычныя. Колькасць «карэнных» еўрапейскіх жыхароў змяншаецца, і гэты працэс яшчэ паскорыцца пасля 2030 года. З 2010 года міграцыя стала бесперапыннай і маштабнай з’явай — самым вялікім прытокам імігрантаў з розных культурных асяроддзяў з часоў Вялікага перасялення народаў. Мы назіраем значную розніцу ў нараджальнасці паміж «карэннымі» маці і замежнымі і яе ўплыў на сітуацыю ў Еўропе. Гэтая сітуацыя выклікае шэраг пытанняў, найважнейшым з якіх уяўляецца пытанне пра ўплыў на склад еўрапейскага грамадства працэсаў, якія пачаліся ў апошнія гады. Ёсць тры магчымыя сцэнары: проста невялікае павелічэнне насельніцтва, стварэнне паралельных грамадстваў або поўная замена карэннага еўрапейскага насельніцтва прыезджымі.

Дэмаграфічныя змены ў Еўропе ўжо пачалі мець шэраг негатыўных культурных, сацыяльных, макра- і мікраэканамічных наступстваў. Іх канчатковыя маштабы цяжка прадказаць, а сітуацыя ў краінах Заходняй Еўропы выклікае трывогу.

Адзін са спосабаў пазітыўнага ўплыву на такія працэсы — заканадаўчая дзейнасць.

Дзякуючы добраму і эфектыўнаму заканадаўству можна станоўча ўплываць на функцыянаванне грамадства, у тым ліку на рашэнне аб нараджэнні дзіцяці. Многія еўрапейскія краіны прызнаюць неабходнасць такога прававога адказу на дэмаграфічны крызіс.

У Польшчы ў 2015–2023 гадах быў уведзены шэраг праграм падтрымкі сем’яў. Сярод іх да флагманскіх прававых рашэнняў належыць «Праграма 500+» (з 1 студзеня 2024 года — 800+). На жаль, гэтая праграма і многія іншыя не палепшылі дэмаграфічных паказчыкаў у суседняй краіне. Таму сітуацыя патрабуе больш шырокага аналізу з удзелам прадстаўнікоў розных навук і ўзгодненых дзеянняў заканадаўцаў.

Прыкладам рэагавання на дэмаграфічны крызіс у Еўропе з’яўляецца стварэнне Цэнтральна-Еўрапейскай акадэміяй у Будапешце групы экспертаў з краін Цэнтральнай Еўропы, задачай якой з’яўляецца пошук найлепшых прававых рашэнняў дэмаграфічных праблем. Даследчыкі з Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Сербіі, Харватыі і Чэхіі павінны прааналізаваць заканадаўчыя рашэнні з абавязваючай сілай у галіне сямейнай і дэмаграфічнай палітыкі, а потым прадставіць аптымальныя заканадаўчыя прапановы.

Папярэднія даследаванні паказваюць, што аптымальныя рашэнні ў гэтай галіне дзейнічаюць у Сербіі і Венгрыі.

У той час, як французскія парламентарыі заклапочаны замацаваннем «свабоды на аборт» у Канстытуцыі краіны, венгерскі заканадаўца выразна падтрымаў прававую абарону жыцця чалавека з моманту зачацця, што з’яўляецца ўнікальным у сучасных канстытуцыях. Гэтыя гарантыі былі справядліва звязаныя з чалавечай годнасцю. Акрамя таго, варта адзначыць, што астатнія палажэнні Канстытуцыі Венгрыі 2011 года адносна абароны шлюбу, сям’і і дзяцей, па сутнасці, супадаюць з гарантыямі ў гэтай сферы, якія змяшчаюцца ў канстытуцыях іншых краін, але значна больш дэталёвыя, такім чынам абавязваючы звычайнага заканадаўца прадпрымаць пэўныя захады па іх рэалізацыі, абмяжоўваючы тым самым прастору інтэрпрэтацыі заканадаўцам і канстытуцыйным судом.

Узорнымі з пункту гледжання абароны сям’і і клопату аб дэмаграфічным развіцці краіны варта лічыць сербскія рашэнні. У артыкуле 63 Канстытуцыі Рэспублікі Сербія 2006 года абвяшчаецца, што «кожны мае права самастойна вырашаць пытанне аб бацькоўстве. Рэспубліка Сербія прыкладае намаганні для падтрымкі бацькоў у прыняцці рашэння аб нараджэнні дзяцей і ў сувязі з гэтым аказвае дапамогу».

Акрамя таго, Канстытуцыя гарантуе, што «бацькі маюць права і абавязак утрымліваць, гадаваць і выхоўваць сваіх дзяцей, і ў гэтым плане яны роўныя. Усіх ці паасобных правоў могуць быць у адпаведнасці з законам пазбаўленыя або абмежаваныя ў іх адзін або абодва бацькі толькі на падставе рашэння суда, калі гэта найлепш адпавядае інтарэсам дзіцяці» (артыкул 65 Канстытуцыі Сербіі). Асаблівая абарона сям’і, маці, бацькоў-адіночак і дзіцяці прадугледжана артыкулам 66.

У гэтым палажэнні, сярод іншага, сцвярджаецца, што «сям’я, маці, хтосьці з бацькоў, які адзін выхоўвае дзіця, і дзіця ў Рэспубліцы Сербія карыстаюцца асаблівай абаронай, устаноўленай законам.

Маці мае права на асаблівы догляд і абарону да і пасля родаў. Асаблівая абарона прадастаўляецца дзецям, якія знаходзяцца без апекі бацькоў, а таксама дзецям з затрымкай разумовага і фізічнага развіцця».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.