Кароль Філіп VI запрасіў Папу Францішка ў Іспанію. Паводле іспанскай прэсы, Папа езуіт можа наведаць гэтую краіну ў 2022 годзе, каб узначаліць цэлебрацыю заканчэння юбілейнага Ігнацыянскага года, абвешчанага з нагоды 500-годдзя навяртання святога Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Таварыства Езуса.
Урачыстая інаўгурацыя юбілейнага года адбылася 20 мая ў іспанскай Памплоне.
Падчас візіту ў Іспанію Папа можа наведаць старажытную пячору ў Манрэсе (Каталонія), дзе Ігнацый правёў некалькі месяцаў у малітве, аскезе і разважанні.
Менавіта там ён зрабіў нататкі, якія сталі асновай славутых «Духоўных практыкаванняў». Сёння на гэтым месцы знаходзіцца санктуарый.
Як са спасылкай на італьянскі штодзённік Il Messaggero паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, план будучых папскіх падарожжаў яшчэ не складзены, але, праўдападобна, што Папа здзейсніць візіты ў Казахстан і Сербію, а таксама — наколькі дазволяць умовы бяспекі — у Ліван і Паўднёвы Судан.