У сераду 28 лютага верхняя палата парламента Францыі, Сенат, пераважнай большасцю галасоў прагаласавала за замацаванне права жанчын на аборт у Канстытуцыі.
Як паведаміла інфармацыйная служба ВВС, прапанова, ухваленая раней ніжняй палатай, Нацыянальным сходам, была падтрыманая 267-ю галасамі супраць 50-і ў сераду.
Аборты легалізаваны ў Францыі з 1974 года, але ў краіне апошнім часам узмацніўся ціск з мэтай далейшага замацавання гэтага закону.
Відавочна, ён выкліканы жаданнем так званых «змагароў за правы жанчын» уключыць гэтую норму ў асноўны закон на фоне забароны абортаў у шэрагу амерыканскіх штатаў і ў Польшчы.
Што ж так напалохала французаў? Дэбаты наконт абортаў з новаю сілаю разгарэліся ў ЗША пасля таго, як у чэрвені 2022 года Вярхоўны суд адмяніў агульнанацыянальнае права на перарыванне цяжарнасці. Па стане на пачатак 2024 года, у 21-м з 50-і штатаў краіны дзейнічае поўная або частковая забарона на аборты, якая прадугледжвае жорсткія пакаранні для лекараў і іншых асоб, якія дапамагаюць у забойстве ненароджанага дзіцяці, у тым ліку зняволенне ў вязніцы, вялікія штрафы і пазбаўленне медыцынскіх ліцэнзій.
Канстытуцыйны суд Польшчы ўвёў амаль поўную забарону на аборты ў гэтай краіне ў 2020 годзе. Цяпер яны дазволеныя толькі ў выпадках згвалтавання або інцэсту або калі цяжарнасць пагражае здароўю або жыццю маці.
Аднак зацвярджэнне Сенату пакуль не ставіць апошнюю кропку ў гэтым пытанні. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прызначыў у панядзелак адмысловае паўторнае галасаванне з удзелам абедзвюх палат парламента ў Вэрсалі. Калі аб’яднаная сесія ўхваліць папраўку ў Канстытуцыю большасцю не менш за тры пятых, яе не трэба будзе выносіць на рэферэндум.
Апытанне грамадскай думкі Ifop, праведзенае ў лістападзе 2022 года, калі Нацыянальная асамблея галасавала па законапраекце, паказала, што 86% французаў падтрымлівалі папраўку.
Ніводная з асноўных палітычных партый краіны не ставіць пад сумнеў права на аборт, але фармулёўка, якая выкарыстоўваецца ў папраўцы, была перагледжана пасля галасавання ў 2022 годзе, калі Нацыянальны сход падтрымаў «права» на аборт. У мінулым месяцы ён зноў прагаласаваў за падтрымку «свабоды» рабіць аборт пасля таго, як урад Макрона заклікаў унесці ў артыкул 34 Канстытуцыі папраўку, якая кажа пра «свабоду жанчын прыбягаць да абортаў, якая гарантуецца». Гэтую новую фармулёўку «гарантаванай свабоды» зацвердзіў Сенат у сераду.
У сваім паведамленні ў сацыяльнай сетцы X Макрон заявіў, што імкнецца зрабіць «свабоду жанчын перарываць цяжарнасць неадменнай», замацаваўшы гэта ў Канстытуцыі.
Каментуючы вынікі парламенцкага галасавання, міністр юстыцыі Эрык Дзюпон-Марэці заявіў, што Францыя блізкая да «гістарычнага дня», калі яна стане «першай краінай у свеце, якая абараняе ў сваёй Канстытуцыі свабоду жанчын» вырашаць, што адбываецца з іх целамі.
У размове з інфармацыйным агенцтвам AFP некалькі сенатараў-кансерватараў заявілі, што адчувалі ціск, каб ухваліць папраўку. «Калі я прагаласую супраць, мае дочкі больш не прыедуць на Каляды», — сказала адна жанчына, якая папрасіла застацца неназванай.