Пошук

27.02.2024 12:10   Catholic.by
Фота: Facebook Arzobispado de Santiago de Cuba

Касцёл на Кубе перажывае вялікі юбілей — 500 гадоў таму на востраве была заснавана першая дыяцэзія.

З гэтай нагоды ўвечары 21 лютага ў Сант’яга-дэ-Куба — біскупскай сталіцы першай кубінскаай дыяцэзіі — адбыліся ўрачыстасці з удзелам мясцовага епіскапату.

Узначаліў юбілейныя ўрачыстасці арцыбіскуп Сант’яга-дэ-Куба Дыянізіё Гарсія. У прысутнасці Апостальскага нунцыя на Кубе Джамп’еро Глодэра, разам з кубінскімі біскупамі, шматлікімі святарамі і вернікамі іерарх узнёс падзяку Богу за поўтысячагадовую прысутнасць Каталіцкага Касцёла ў гэтай частцы свету. У сваю чаргу, Старшыня Канферэнцыі біскупаў Кубы арцыбіскуп Эміліё Арангурэн у прамоўленай гаміліі звярнуў увагу на дзеянне ласкі Божай у працэсе навяртання — як асабістага, так і ўсёй супольнасці Касцёла.

Падчас юбілейных урачыстасцяў з нагоды 500-годдзя дыяцэзіі ў Сант’яга-дэ-Куба адбылося першае ў гэтым каляндарным годзе пасяджэнне кубінскага епіскапату.

У кастрычніку мінулага года распачаўся Юбілейны год з нагоды 500-годдзя з часу заснавання «дыяцэзіі Кубы», як яна называлася першапачаткова. Юбілейны год быў абвешчаны Папам Францішкам па просьбе мясцовых касцёльных уладаў.

У 1517 годзе Каталіцкі Касцёл вырашыў стварыць першую біскупскую сталіцу на востраве ў Баракоа, але прызначаны біскуп не змог заняць пасаду і папрасіў змяніць яе месцазнаходжанне. Тады 22 кастрычніка 1523 года дыяцэзія была заснавана ў Сант’яга.

Вернікамі Каталіцкага Касцёла ў краіне з’яўляюцца 55 працэнтаў жыхароў Кубы, дзе сёння існуюць 3 архідыяцэзіі і 11 дыяцэзій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.