18 ліпеня у прамове пасля традыцыйнай нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» Папа Францішак запэўніў у сваёй малітве за народ Кубы.
Папа Францішак наведваў Кубу у верасні 2015 года, а 12 лютага 2016 года ў міжнародным аэрапорце Гаваны адбылася першая ў гісторыі асабістая сустрэча Святога Айца з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у апошні час Куба ахоплена вялікімі грамадскімі пратэстамі супраць камуністычнага рэжыму, які давёў народ багацейшага вострава да ізаляцыі і галечы.
«Я блізкі дарагому кубінскаму народу ў гэтыя цяжкія часы, асабліва сем’ям, якія пакутуюць больш за ўсё.
Я малю Пана, каб Ён дапамог ім пабудаваць больш справядлівае і братэрскае грамадства ў міры, дыялогу і салідарнасці. Заклікаю ўсіх кубінцаў даверыць сябе абароне Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ. Няхай Яна суправаджае іх у гэтым падарожжы», — сказаў Святы Айцец.
Як заўважае Vatican News, пратэсты на Кубе праходзяць з выразным рэлігійным акцэнтам. Падчас шматлікіх дэманстрацый разам з нацыянальнымі сцягамі і транспарантамі з палітычным і сацыяльным зместам людзі нясуць копіі абраза Багародзіцы з Эль Кобрэ.
Тыдзень таму кубінскія біскупы выступілі з заявай, у якой падкрэслілі, што не могуць заплюшчваць вочы на тое, што перажываюць грамадзяне: людзі маюць права агучваць свае патрэбы, жаданні і надзеі.
Іерархі нагадалі, што тысячы пратэстаў — гэта рэакцыя на эканамічную і сацыяльную сітуацыю, якая заўважна пагоршылася. Кубінскія пастыры занепакоены тым, што ўлады не прымаюць ніякіх мер для вырашэння праблем, нагадваюць, што гвалт спараджае гвалт, а агрэсія, якая праяўляецца сёння, выклікае раны і крыўды, якія будзе вельмі цяжка пераадолець у будучыні.
Паводле незалежных СМІ, да гэтага часу пасля антыўрадавых дэманстрацый на Кубе арыштавана больш за 5 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 120 актывістаў і журналістаў.