У сярэдзіне студзеня ў сужэнскай пары з Босніі і Герцагавіны нарадзілася чацвярня. Хлопцам далі імёны чатырох Евангелістаў.
Як са спасылкай на каталіцкі штотыднёвік Druzina інфармуе Мisyjne.pl, Матэй (Мацвей), Марко (Марк), Лука і Ёван (Ян) з’явіліся на свет у шпіталі ў сталіцы Славеніі Любляне.
31-гадовая маці чатырох хлопчыкаў паходзіць з Бані-Лукі. Роды адбыліся на 31-м тыдні цяжарнасці з дапамогай кесарава сячэння. Як адзначыў дырэктар радзільнага дома ў Любляне Горазд Каўсэк, нараджэнне чацвярні — з’ява даволі незвычайная.
Шчаслівы бацька чатырох хлопцаў падзяліўся радаснай навіной у сацыяльных сетках:
«Хвала Богу, святому Базылю і маёй жонцы: Матэй, Марко, Лука і Ёван акурат прыбылі», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы Facebook. У чацвярнятаў ёсць таксама старэйшы брат — пяцігадовы Канстанцін.