У Дзень бацькі, які ў Беларусі адзначаецца 21 кастрычніка, завяршаецца Тыдзень бацькоўскай любові, прысвечаны цноце любові ў сям'і, а таксама паміж мужам і жонкай у сужэнскім саюзе, які засноўвае сям'ю. З нагоды заканчэння Тыдня бацькоўскай любові наша рэдакцыя паразмаўляла з Вольгай і Паўлам Ясевіч, веруючымі каталіцкімі сужонкамі, якія жывуць у Гродне і згадзіліся распавесці нам пра сябе і сваіх дзяцей.
— Калі ласка, распавядзіце пра ваша знаёмства, а таксама пра якасці, якія вас наблізілі да сябе ў сужэнскі саюз.
Вольга: Наша сужэнства нарадзілася ў 2012 годзе. Мы пазнаёміліся мы ў касцёльным лагеры «Няцеч» недалёка ад Ліды. У 2010 годзе мы абодва былі там валанцёрамі і адразу адзін аднаму спадабаліся: Павел граў на гітары, я спявала, а таксама праводзіла катэхезы. Нас злучыла супольная вера ў Бога, таму што мы служылі ў каталіцкім лагеры, працавалі з дзецьмі, і ў гэтым працэсе пазнаёміліся адзін з адным.
Павел: Мы зразумелі, што нашыя каштоўнасці супадаюць, што мы можам стаць моцнай сям'ёй і ў нас можа быць надзейная будучыня. Гэтыя каштоўнасці — гэта вера ў Езуса Хрыста, а таксама сямейныя каштоўнасці: любоў, зразуменне, павага, вернасць.
— Распавядзіце, калі ласка, пра сябе, пра вашу працу, вольны час, вашых дзяцей.
Вольга: Я працую настаўнікам-дэфектолагам у 104-м дзіцячым садку горада Гродна, а Павел працуе памочнікам машыніста дызель-цягніка ў лакаматыўным дэпо горада Гродна (абаротнае дэпо). Выхоўваем трох дзяўчынак. Старэйшай дачцы, Яне, 12 гадоў. Яна вучыцца ў 7 класе. Захапляецца танцамі, наведвае школу з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы, неаднаразова была пераможцам школьных алімпіяд. Таленавітая, актыўная, па характары спакойная. Другой дачцы, Еве, 9 гадоў. Яна прафесійна займаецца мастацкай гімнастыкай, 5-ы год ходзіць у спартыўную школу, вучыцца на адзнакі «добра» і «выдатна». Трэцяя дачка, Агата, у дадзены момант знаходзіцца ў сярэдняй групе ў дзіцячым садку, дзе я працую. Яна шмат малюе, танчыць, словам, актыўная дзяўчынка.
— Ці вы сябе лічыце шчаслівай сям'ёй?
Павел: Канешне, мы сабе лічым шчаслівай сям'ёй, таму што мы маем такое вялікае багацце, як дзеці, як паразуменне ў сям'і, як духоўнае жыццё. Я лічу, што нашая сям'я багатая, таму што мы можам паказаць добры прыклад дзецям, а яны нас заўсёды слухаюць і разумеюць. Вось таму наша багацце — гэта наш сямейны духоўны складнік, гэта нашыя сямейныя каштоўнасці.
— Якімі дасягненнямі — вашымі і вашых дзяцей — вы можаце ганарыцца?
Вольга: Старшая дачка Яна ў нас пераможца многіх алімпіяд па беларускай мове і матэматыцы. Вось у снежні 2025 года яна атрымала дыплом 3-й ступені ў конкурсе «У Новы год з Белай Руссю». Ева — неаднаразовы чэмпіён Гродзенскай вобласці па мастацкай гімнастыцы сярод прадстаўніц свайго года нараджэння, а таксама ў яе шмат паспяховых турніраў: «Грацыі над Сожам» у Гомелі, «Кубак Паўночнай сталіцы» ў Віцебску — першыя месцы, затым 3-е месца ў «Залатой лізе» ў Брэсце. Што ж тычыцца Агаты, і ў яе былі свае перамогі. У нас праходзіў міжнародны конкурс малюнка «Сябруюць дзеці на планеце», і яе праца была абраная ў лік лепшых. Яна атрымала адмысловы сертыфікат і дыплом. Таксама наша сям'я паспяхова ўдзельнічала ў красавіку 2026 года ў раённым этапе конкурсу «Сям'я года», а ў маі бягучага года ўдзельнічала ў «Фэсце сямейнага адпачынку» ў горадзе Дзятлава. Там, дарэчы, мы занялі 1-е месца на інтэрактыўнай пляцоўцы «Бітва талентаў».

— Вы католікі. Скажыце, чым для вас ёсць хрысціянская вера?
Павел: Мне здаецца, што падмурак нашай сям'і — гэта менавіта хрысціянская вера. Пачнём з таго, што мы невыпадкова сустрэліся ў каталіцкім хрысціянскім лагеры, і ўсё наша выхаванне дзяцей пабудавана на базе прабачэння, даверу па прыкладзе Езуса Хрыста, вернасці, любові, узаемаразумення.
Вольга: Калі ўзнікаюць нейкія жыццёвыя пытанні — у дзяцей альбо ў нас, — мы, вядома, імкнемся вырашаць іх, як кажуць, «за круглым сталом», і стараемся, нават калі хтосьці з нас не мае рацыі, дараваць і першым пайсці насустрач. Гэта датычыцца і сужэнскага жыцця, і выхавання дзяцей. Мы, вядома ж, іх гэтаму таксама вучым. Таму найважнейшае — гэта прабачэнне — падмурак нашай сям'і.
— Якое месца займае малітва ў жыцці вашай сям'і?
Павел: Малітва ў нашым жыцці адыгрывае вельмі важную ролю. Калі мы толькі ажаніліся, мы практыкавалі малітву перад сном на брэвіярыі (ёсць такая форма гэтай малітвы менавіта для свецкіх людзей). У нас дома ёсць брэвіярыі, і мы на іх супольна маліліся даволі доўга. Зараз у нас ёсць таксама такі звычай, што мы чытаем Біблію, асабліва ў Вялікім посце ці Адвэнце. На жаль, у нас не заўсёды атрымліваецца чытаць Божае слова ў Звычайны перыяд, але ў Адвэнце і Вялікім посце мы гэта заўсёды робім.
Вольга: Мы чытаем дзіцячую Біблію разам з дзецьмі, а потым разважаем над прачытанымі вершамі, каб дзеці потым самі маглі чытаць і разважаць над прачытаным тэкстам. У кастрычніку і ў маі, калі надыходзіць месяц, прысвечаны Маці Божай, у нас заўсёды адбываецца супольная малітва. Апроч таго, што мы, па меры нашых магчымасцяў, прысутнічаем на набажэнстве ў касцёле, кожны вечар мы молімся хаця б адной таямніцай Ружанца. Гэта наша малітва перад сном. Штодня мы молімся асноўнымі малітвамі. Такім чынам, мы прывучаем нашых дзяцей да малітвы.
— Як выглядае вашае сакрамэнтальнае жыццё, удзел у касцёльных рухах і г.д.?
Вольга: Старэйшую Яну ўжо ўсе ведаюць у касцёле. Яна прыступала да Першай Камуніі і далей працягвае хадзіць на катэхізацыю. Ева рыхтуецца да Першай Камуніі 2-гі год, у 2027 годзе павінна таксама пайсці. Агаце на дадзены момант 4,5 гады, але яна ўжо ведае ўсе асноўныя малітвы. Малітва для нас — вельмі важны складнік. Калі мы адпраўляемся ў нейкія сумесныя паездкі, таксама абавязкова молімся.
Павел: Святыя сакрамэнты, натуральна, — гэта наша аснова адносін з Богам. Усе дзеці ў нас ахрышчаныя, прычым у вельмі раннім узросце (да месяца). Святая Імша ў нядзелю і святы, вядома, абавязковая для кожнага з нас. Ні ў кога не ўзнікаюць пытанні, хто хоча ці хто не хоча на Імшу; усе з задавальненнем ідуць, таму што ў асноўным мы прымаем удзел у Імшы з удзелам дзяцей. Таксама мы разам ідзём на розныя касцёльныя набажэнствы.
Вольга: Дзяцей у касцёл святары і законныя сёстры часта прывабліваюць рознымі налепкамі, сюрпрызамі, падарункамі, асабліва ў Адвэнце на Раратах і ў Вялікім посце на Крыжовым шляху. Часам дзеці самі нагадваюць нам: «Мама — ідзём, тата — ідзём!» Акрамя таго, што мы вядзём нашых дзяцей на катэхезы, мы, вядома, размаўляем з імі на тэмы веры. Стараемся разам глядзець хрысціянскія фільмы. Асабліва нам спадабаўся фільм «Аб'яўленне» пра аб'яўленні Маці Божай дзецям у партугальскай Фаціме. Дзеці былі пад вялікім уражаннем, яго тры разы пераглядалі.
Павел: Біблія ў кожнага нашага дзіцяці ёсць на тэлефоне ў спампаваным выглядзе. Па ёй дзеці нярэдка выконваюць заданні, якія нам хтосьці параіў даваць. Хросны бацька некалі падарыў адной з іх дзіцячую Біблію, таму мы з дзецьмі чытаем фрагмент Бібліі, а потым ужо ідзе абмеркаванне пытанняў, якія там узнімаюцца.
Вольга: Калі мы прыязджаем да бацькоў у Беняконі (Воранаўскі р-н), Павел заўсёды служыць у касцёле на Імшы як міністрант, чытае чытанні і спявае Псальм. Аніводнага разу не было, каб ён стаяў на касцёле сярод вернікаў. Што да мяне, то ў Беняконях я таксама часта спяваю, звычайна на вялікія святы. Я ўдзельнічаю ў руху «Маргарытка» — малюся за святароў, належу да кола Жывога Ружанца ў Беняконях, а таксама 13-ы ці 14-ы год запар бяру духоўнае ўсынаўленне ненароджанага дзіцяці. Што да дзяцей, то Яна чытае ў касцёле, Ева ўжо спявала і чытала ў Беняконях 2 разы, Агата пакуль яшчэ маленькая. Мы, калі былі Дыяцэзіяльныя дні моладзі, бралі дзяцей і маладых людзей да сябе на начлег. Шмат разоў я таксама дапамагала рабіць дэкарацыі на алтар: і ў Ваўкавыску, і ў Вялікіх Эйсмантах, дзе быў пробашчам ксёндз Юрый Ясевіч, наш родны. У 2024 годзе наша сям'я была запрошана на здымкі ў праграме «Існасць». Тады мы расказвалі пра традыцыі Божага Нараджэння. Гэта выпуск ад 28.12.2024 (ад 13:17).
— Ці ўдзельнічаеце вы ў пілігрымках, рэкалекцыях і іншых духоўных мерапрыемствах? Ці наведваеце санктуарыі ў Беларусі і па-за яе межамі?
Вольга: Мы дастаткова часта ўдзельнічалі ў пешых пілігрымках. Павел, будучы дзіцем, напэўна, каля 20 разоў удзельнічаў у пілігрымцы Беняконі-Тракелі. Я пачала хадзіць з 14 гадоў і 6 разоў хадзіла ў Тракелі з Ваўкавыска і 4 разы з Гродна. 2 гады мы з Паўлам ішлі разам, пасля сужэнства таксама хадзілі з Гродна ў Тракелі. Летась мы ездзілі ў Рым, наведалі ўсе большыя рымскія базылікі і катакомбы. Я яшчэ ў студэнцкія гады ездзіла на Дні моладзі, арганізаваныя пры пантыфікаце Бэнэдыкта XVI, якія праходзілі ў Іспаніі, у Мадрыдзе. Таксама ў Беларусі мы наведалі з дзецьмі дастатковую колькасць рэлігійных месцаў.
— Што вы хочаце пажадаць беларускім сем'ям з нагоды Тыдня бацькоўскай любові?
Павел: Хочацца пажадаць беларускім сем'ям, у першую чаргу, будаваць свае адносіны з самага пачатку на падмурку веры, таму што Бог у нашым жыцці — гэта найважнейшае. Калі ён будзе на 1-м месцы, то ўсё будзе на сваім месцы. А таксама міру, дабра, дабрабыту, паразумення, умення саступаць адзін аднаму, нягледзячы ні на што, цярплівасці.
Вольга: Часам варта перамагчы свае імгненныя эмоцыі, перажыць з гэтай думкай дзень, а потым пагаварыць адзін з адным, высветліць, у чым справа, вырашыць набалелыя пытанні. Калі здарыцца крызіс у сям'і, тады варта падысці да святара на размову. Таксама сёння прапануецца шмат сужэнскіх сустрэч, на якія варта паехаць, таму што, паводле сведчанняў шматлікіх сужонкаў, на такіх сустрэчах муж і жонка глядзяць адзін на аднаго зусім іншымі вачыма і ім адкрываюцца зусім іншыя праўды. Божага благаслаўлення нашым сем'ям і каб Дух Святы спадарожнічаў ім ва ўсіх справах.
Размаўляў ксёндз Павел Эйсмант























