23 студзеня ў санктуарыі благаслаўлёнага Вінцэнта Леванюка і 12-і яго паплечнікаў, мучанікаў, у Пратуліне (Польшча, Сядлецкая дыяцэзія) адзначылі 150-ю гадавіну з часу іх мучніцкай смерці.
Як паведаміла каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы, на якую прыбылі пілігрымы з розных мясцін, узначаліў арцыбіскуп Шчэцінска-Каменскі Анджэй Дзенга. Разам з ім Эўхарыстыю ў дзень літургічнага ўспаміну мучанікаў з Пратуліна канцэлебравалі шматлікія святары і іерархі, якія паходзяць з Сядлецкай дыяцэзіі: біскуп Драгічынскі Пётр Саўчук і біскуп Радамскі на пенсіі Хенрык Тамасік, а таксама біскуп Сядлецкі Казімеж Гурда і дапаможны біскуп Сядлецкай дыяцэзіі Гжэгаж Сухадольскі.
Вітаючы сабраных у пратулінскім санктуарыі, біскуп Гурда заўважыў, што ўрачыстасць у гонар мучанікаў з’яўляецца нагодай для таго, каб выказаць удзячнасць грэка-католікам за іх вялікую любоў да Хрыста і Яго Касцёла.
«Наша дыяцэзія клапоціцца пра захванне памяці пра ўсіх тых, хто ў 1874–1905 гадах цярпеў, быў кінуты ў вязніцу і паміраў дзеля Хрыста і з Хрыстом», — сказаў пастыр Касцёла Сядлецкай дыяцэзіі.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Дзенга напачатку адзначыў, што, прыбываючы ў Пратулін, вернікі вучацца ісці ў новы час, захоўваючы скарб веры.
«Да таямніцы часу мы дакранаемся сёння, у 150-ю гадавіну драматычных падзей», — дадаў іерарх.
«Гэта быў цэлы шэраг вялікіх падзей, вялікага пасеву смерці, цярпення і болю <…>. Мінуў час, і мы бачым, што гэтае зерне прынесла плён і жыве. Пацвярджэнне гэтаму — ты і я, і няхай пацвярджэннем будуць наступныя пакаленні», — выказаў пажаданне Шчэцінска-Каменскі арцыбіскуп.
Ён зазначыў, што, гледзячы на гісторыю уніятаў, відаць іх sensus fidei — пачуццё веры, знак быцця разам.
«Уніяты разам пайшлі ў новы час. Нягледзячы на занядбанні, супраціў, чалавечыя сэрцы змаглі, былі гатовыя ў належны час. Яны аддалі тут жыццё за адзінства Касцёла і за рэлігійную свабоду; за свабоду вызнання веры так, як мяне вядзе сэрца, як мне кажуць калені, як мяне вядуць мае вочы і думкі», — сказаў іерарх. Ён заўважыў, што кантэкстам сведчання веры пратулінскіх мучанікаў было веданне імі Святога Пісання і Катэхізіса дзякуючы асаблівай евангелізацыі, якая адбывалася ў сем’ях, а абараняючы сваю святыню, яны пацвердзілі сваю тоеснасць.
«Яны прыйшлі да святыні як на нядзельную святочную літургію, гатовыя ўвайсці на літургію жыцця і смерці разам з Хрыстом укрыжаваным і ўваскрослым», — сцвердзіў іерарх.
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Анджэй Дзенга заўважыў, што гісторыя мучаніцтва ўніятаў, якая перадавалася ў сем’ях, праз пакаленні з’яўляецца прыкладам памяці сэрцаў і вернасці сваёй тоеснасці.
На заканчэнне святой Імшы адбылася супольная малітва літаніяй да благаслаўлёных мучанікаў з Пратуліна.