Пошук

11.12.2023 12:26   Тэкст: Беларусы-каталікі Варшавы / Фота: Данііл Ліцкевіч / Catholic.by

2 снежня, напярэдадні Адвэнту, беларусы каталіцкага веравызнання ў Польшчы сабраліся ў варшаўскім касцёле святога Аляксандра, каб узнесці малітву падзякі за дапамогу мясцовага Касцёла ў справе адраджэння Касцёла ў Беларусі.

Падобная сустрэча праходзіла ўжо ў другі раз з нагоды штогадовага агульнапольскага дня Дапамогі Касцёлу на Усходзе, які адзначаецца ў Другую нядзелю Адвэнту. Беларусы ў малітве дзякуюць за дапамогу, якую Касцёл у Польшчы аказваў і працягвае аказваць Касцёлу ў Беларусі.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Кшыштаф Задарка, Старшыня Рады па справах мігрантаў, турызму і пілігрымак пры польскім епіскапаце. На малітоўную сустрэчу сабраліся прадстаўнікі душпастырстваў беларусаў з усёй краіны. У прамоўленай гаміліі біскуп Задарка шмат увагі прысвяціў супольным момантам у гісторыі Польшчы і Беларусі, падкрэсліўшы каштоўнасць шматвяковых духоўных сувязяў абодвух народаў.

«Беларусы не з’яўляюцца нейкім дадаткам, малодшай сястрой ці братам, а роўнымі з роўнымі», — сцвердзіў іерарх.

«Нашы супольныя лёсы — лёсы Польшчы і Беларусі — навучылі нас быць разам, навучылі салідарнасці. Гэтыя лёсы навучылі нас словам „насіце цяжары адзін аднаго“, якія святы Павел скіроўваў да першых хрысціянаў. Насіце цяжары адзін аднаго і ніколі — адзін супраць другога. Ментальнасць кіраўнікоў гэтага свету ў тым, каб няспынна дзяліць і такім чынам валадарыць. Ментальнасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, вучыць нас таму, як быць разам і не дзяліць, а яднаць», — дадаў біскуп Задарка.

Іерарх пагадзіўся з тым, што жыццё ў эміграцыі часта бывае няпростым. Калісьці, яшчэ да біскупскага пасвячэння, ён нёс служэнне ў душпастырстве палякаў у Швейцарыі, і таму з уласнага досведу знаёмы са штодзённасцю эмігрантаў.

«Жыццё ў эміграцыі заўжды з’яўляецца жыццём чалавека „другой катэгорыі“. Аднак у каталіцкім Касцёле няма чужынцаў: усе з’яўляюцца братамі і сёстрамі. Касцёл нас вучыць таму, каб моцай Божай ласкі разбураць усе муры. У гэтым — прыгажосць хрысціянскай веры», — падкрэсліў прадстаўнік польскага епіскапату.

Пасля Эўхарыстыі адбылася сустрэча біскупа Задаркі з беларусамі. Прадстаўнікі супольнасцяў з Беластока, Варшавы, Вроцлава, Гданьска, Кракава, Лодзі і Познані распавялі пра сваю дзейнасць і задавалі іерарху пытанні.

Біскуп Кшыштаф Задарка звярнуў увагу на тое, што беларусы з’яўлюцца піянерамі ў справе арганізацыі нацыянальных душпастырстваў у Польшчы. Ён заахвоціў прысутных не спыняцца і працягваць развіццё супольнасцяў.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі сабраліся на абед. Пры братнім стале абмяркоўваліся далейшыя планы сумесных праектаў, адбывалася дзяленне вопытам.

 

Абноўлена 11.12.2023 12:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.