Пошук

23.10.2023 10:47   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

У нядзелю 22 кастрычніка беларусы каталіцкага веравызнання, якія жывуць у маскоўскім рэгіёне Расіі, сабраліся ў капліцы кляштара айцоў францішканаў на супольную малітву на роднай мове ў інтэнцыі міру.

Перад Эўхарыстыяй, якую цэлебраваў душпастыр супольнасці беларусаў-католікаў Масквы і Падмаскоўя айцец Пётр Карнелюк OFMConv, адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас набажэнства сабраныя маліліся за супакой на Блізкім Усходзе і ва Украіне. Таксама прагучаў заклік далучыцца 27 кастрычніка да дня посту, малітвы і пакаяння, які абвясціў Папа Францішак ў інтэнцыі міру на Святой Зямлі.

У прамоўленай гаміліі айцец Пётр засяродзіўся на нядзельным урыўку з Евангелля паводле Мацвея, у якім ідзе гаворка пра тое, як фарысеі правакавалі Езуса пытаннем, ці належыць плаціць падатак цэзару.

«Канечне, усе мы, грамадзяне, павінны плаціць падаткі, аплочваць праезд у транспарце», — зазначыў святар, прыгадаўшы, як у часы яго юнацтва ў аўтобусах і тралейбусах нярэдка можна было ўбачыць надпіс: «Сумленне — найлепшы картралёр».

«Так, людзі абавязаны плаціць падаткі і адказна ўдзельнічаць у барацьбе за праўду і грамадскую справядлівасць. Адначасова мы належым Богу. На манеце — выява цэзара <…>, а ў душы мы маем вобраз Бога: мы створаныя паводле Яго падабенства і таму павінны аддаваць Богу пашану. Толькі тады мы атрымаем узамен радасць і шчасце еднасці з Ім», — падкрэсліў айцец Пётр. Ён таксама нагадаў, што 22 кастрычніка Касцёл успамінае святога Яна Паўла ІІ, які на пачатку свайго пантыфікату казаў усім людзям: «Не бойцеся!»

«Не бойцеся і вы аддаваць належнае Богу. Аддайце Хрысту першае месца ў жыцці, і ўсё астатняе самое зойме адпаведныя месцы», — заахвоціў вернікаў айцец Пётр Карнелюк.

Пасля заканчэння набажэнства у францішканскім Культурным цэнтры адбылася душпастырская сустрэча.

Абноўлена 23.10.2023 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця