Падчас агульнай аўдыенцыі, якая раніцай 18 кастрычніка прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак абвясціў аб правядзенні ў апошнюю пятніцу кастрычніка Дня малітвы, посту і пакаяння ў інтэнцыі міру і запрасіў іншыя канфесіі і рэлігіі прыняць у ім удзел.
«Таксама і сёння, дарагія браты і сёстры, нашыя думкі скіроўваюцца да Палестыны і Ізраіля. Колькасць ахвяр расце, а сітуацыя ў Газе з’яўляецца адчайнай. Прашу, няхай будзе зроблена ўсё магчымае, каб пазбегчы гуманітарнай катастрофы. Непакой выклікае магчымае пашырэнне канфлікту, у той час як у свеце ўжо адкрыта вельмі шмат франтоў вайны.
Няхай змоўкне зброя, няхай загучыць вокліч аб міры бедных, простых людзей, дзяцей…», — цытуе словы Святога Айца Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Папа Францішак нагадаў, што «вайна не вырашае ніякай праблемы: яна толькі сее смерць і разбурэнне, павялічвае нянавісць, памнажае помсту» і «перакрэслівае будучыню». «Я заклікаю вернікаў займаць у гэтым канфлікце толькі адзін бок: бок міру. Але не словамі, а малітвай, поўнай самаадданасцю», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец сказаў, што ў гэтым кантэксце ён вырашыў абвясціць пятніцу, 27 кастрычніка, Днём посту, малітвы і пакаяння ў інтэнцыі міру, да якога запрасіў далучыцца «так ім чнам, як палічаць патрэбным», сясцёр і братоў розных хрысціянскіх канфесій, вернікаў іншых рэлігій і тых, хто сэрцам перажывае за справу міру.
«Увечары гэтага дня, у 18.00, у базіліцы святога Пятра мы правядзём гадзіну малітвы ў духу пакаяння, просячы аб міры для нашых дзён, аб міры ў гэтым свеце», — сказаў Пантыфік, заклікаўшы ўсе мясцовыя Касцёлы далучыцца да яе, рыхтуючы падобныя ініцыятывы з удзелам Божага народа.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец скіраваў свае думкі таксама да ўкраінскага народа. «Браты і сёстры, прашу вас, давайце не будзем пераставаць маліцца за мір і за спакутаваную Украіну; пра яе ўжо не гавораць, але трагедыя працягваецца», — сказаў Папа Францішак.