Пошук

19.10.2023 18:10   Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Паводле: The Times / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Reuters

Пасля пажару, які адбыўся 15 красавіка 2019 года, у парыжскай катэдры Маці Божай (Нотр-Дам) будзе ўсталявана сучасная сістэма пажаратушэння.

Як паведамляе газета The Times, для барацьбы з магчымым новым пажарам у будынку пракладаецца больш за 1 км труб з павялічаным дыяметрам для падачы амаль 600 тыс. літраў вады за гадзіну.

Па словах супрацоўніка кампаніі Paris Water Нікаля Дэлівэра, «некаторыя трубы, якія знаходзіліся ў катэдры, былі пракладзены на пачатку мінулага стагоддзя».

«Мы замянілі трубы дыяметрам 100 ці 200 мм на вялікія — да 300 мм, нічога падобнага няма ні ў Парыжы, ні ў Францыі»,

— сцвярджае ён.

Адначасова дадаюцца і трубы малога дыяметра.

На гэтым тыдні будуць пракладзены апошнія трубы, а таксама ўстаноўлены пажарныя гідранты, новая сістэма ўтварэння вадзянога туману, якая рассейвае вельмі дробныя кроплі пад ціскам. Верхняя канструкцыя святыні будзе абсталявана супрацьпажарнымі перагародкамі.

«Пажарная абарона з’яўляецца прыярытэтам, мы хочам пераканацца, што падобнае не паўтарыцца»,

— запэўніла прадстаўнік рэстаўратараў Нотр-Дам Мэрылін Гіры.

Моцны пажар успыхнуў у Нотр-Даме ўвечары 15 красавіка 2019 года. Як высветлілась пасля, узгаранне адбылося ў раёне шпіля, за некалькі гадзін да гэтага там праводзіліся рамонтныя працы. Полымя цалкам знішчыла драўляны дах і шпіль, які абрынуўся і дагараў потым на падлозе славутай гатычнай катэдры. Агонь удалося поўнасцю патушыць толькі раніцай наступнага дня. Пажар працягваўся больш за 15 гадзін.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон неўзабаве пасля надзвычайнага здарэння аддаў распараджэнне адрэстаўраваць Нотр-Дам на працягу пяці гадоў. Аднак у далейшым спецыялісты вырашылі, што зрабіць гэта за такі кароткі тэрмін немагчыма, і праз пяць гадоў будуць завершаны толькі асноўныя рэстаўрацыйныя работы.

У 2024 катэдры Маці Божай, галоўнай славутасці Парыжа, споўніцца 860 гадоў. Ад плошчы перад Нотр-Дамам прынята адлічваць усе адлегласці ў Францыі.

Абноўлена 19.10.2023 19:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа