12 кастрычніка, у дзень свята Маці Божай з Апарэсіды, Апякункі Бразіліі, у гэтай краіне адбылася інагурацыя вялізнай фігуры Багародзіцы.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, стальная канструкцыя вагою 400 тон і вышынёю 50 метраў была ўсталявана ў раёне Ітагуачу, што ў трох кіламетрах ад нацыянальнага санкутарыя ў Апарэсідзе.
Скульптура стала адным з найбольшых рэлігіійных помнікаў такога кшталту не толькі ў Бразіліі, але і ў свеце. Праўдападобна, яна стане яшчэ адной турыстычнай цікавосткай Апарэсіды.
Скульптар Гілмар Піна да гэтага часу пакуль канчаткова не завяршыў працу над сваім творам, і яна будзе працягвацца яшчэ год.
Інаўгурацыя фігуры суправаджалася ўрачыстай святой Імшой і феерверкам.
Менавіта ў Ітагуачу ў XVIII стагоддзі ў рацэ Параіба была знойдзена фігура Маці Божай, якая дала пачатак сённяшняму санктуарыю. Невялікая, вышынёю ўсяго 39 сантыметраў, выява Беззаганна Зачатай Марыі зроблена з тэракоты — добра ачышчанай і абпаленай гліны. Яе выляпіў каля 1650 года манах бэнэдыктынец брат Аўгустын ад Езуса. Першапачаткова яна была пакрыта паліхроміяй, якая сцерлася пасля шматгадовага знаходжання фігуры ў водах ракі Параіба, адкуль у другой палове кастрычніка 1717 года яе вылавілі рыбакі з Гаранцігэта, мясцовасці, што знаходзіцца на палове дарогі паміж Рыа-дэ-Жанэйра і Сан-Паўлу.
Паколькі фігура нечакана як быццам з’явілася з вады, мясцовыя людзі сталі называць яе Aparecida — «тая, што з’явілася».
З-за ўздзеяння дыму ад свечак і алейных лампад на працягу доўгіх гадоў фігура Маці Божай з Апарэсіды з цягам часу стала амаль чорнай.